Выстава ў мастацкай галерэі расказвае пра жыццё і творчасць Станіслава Манюшкі

15 жніўня ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А.Грамыкі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі, «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе ».

Вялікі кампазітар увайшоў у гісторыю як першапраходзец, родапачынальнік дзвюх нацыянальных опер. Яму належыць аўтарства першай беларускай оперы «Ідылія» і першай польскай оперы «Галька», якія з’яўляюцца музычнымі шэдэўрамі. 5 мая споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі — вялікага класіка беларускай і польскай культуры.

Нарадзіўся Станіслаў Манюшка ў 1819 годзе ў фальварку на Міншчыне. Першапачатковую музычную адукацыю Станіслаў атрымаў ад маці, якая з самага дзяцінства прывіла яму любоў да музыкі. Пазней сям’я пераехала ў Мінск, дзе будучы кампазітар пачаў займацца музыкай пад кіраўніцтвам дырыжора і таленавітага музычнага педагога Дамініка Стэфановіча. У сямнаццацігадовым узросце юнак навучаўся ў Берлінскай пеўчай акадэміі пад кіраўніцтвам Карла Фрыдрыха Рунгенхагена. Менавіта ў Берліне былі напісаны і выдадзены першыя творы Манюшкі: «Тры песні» на тэксты Адама Міцкевіча і Першы струнны квартэт. Да гэтага ж часу адносіцца і стварэнне ім першых музычна-сцэнічных твораў, а таксама рэлігійнай і касцельнай музыкі.

У 1840 годзе, скончыўшы ўстанову адукацыю, кампазітар пераехаў у Вільню, дзе ажаніўся на Аляксандры Мюлер. Там ён служыў арганістам у касцёле, а таксама даваў урокі фартэпіяна і кампазіцыі.

Творчасць Станіслава ўвабрала ў сябе характэрныя рысы народнай музыкі палякаў, украінцаў і беларусаў. З дзяцінства ён меў магчымасць пазнаёміцца з сялянскім фальклорам славянскіх народаў.

У экспазіцыі прадстаўлены работы, прысвечаныя непасрэдна кампазітару і сугучныя яго музычнай спадчыне: копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, партрэты родных Станіслава Манюшкі, замалёўкі мясцовых пейзажаў, нотныя зборнікі, афішы, а таксама творы сучасных беларускіх мастакоў, створаныя да юбілею кампазітара.

На мерапрыемстве, прысвечаным памяці самага лірычнага беларуска-польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, прысутнічалі аўтар выставачнага праекта, загадчыца філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» Зінаіда Лявонаўна Кучар і даследчык творчасці Станіслава Манюшкі, кіраўнік «Беларускай капэлы» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Іванавіч Скорабагатаў, а таксама ўсе прыхільнікі творчасці таленавітага кампазітара.

Выстава праходзіць да 15 верасня па адрасу: вул. Уладзіміра Леніна, 6а (2 паверх). Час працы: з 10.00 да 18.00 штодня, акрамя панядзелка. Тэлефоны для даведак: (8-0216) 56-37-50, + 375-29-899-98-34.

Н. КАЧАНАВА,
старшы навуковы супрацоўнік Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі.