Гарбузовы сезон. Паспрабуйце карысны восеньскі суп

Сагравальны і карысны суп з гарбуза вам спадабаецца. Тое, што трэба восеньскім вечарам.

700-800 г гарбуза парэзаць і зварыць у паўлітры вады. У канцы насыпаць палову сталовай лыжкі солі. Узбіць блэндарам, дабавіць 100 мл цёплых вяршкоў, перамяшаць.

Частку гарбуза можна замяніць на бульбу.

Пакуль варыцца гарбуз, дробна парэжце буйную цыбулю і падсмажце яе на сметанковым масле да залацістага колеру з любімымі спецыямі і дробкай солі. Калі дабавіць крыху чырвонага вострага перцу, атрымаецца добрая сагравальная страва. Засталося пакласці цыбулю — і суп гатовы.

Калі разліваеце ў талеркі, па жаданні дабаўце крыху вяршкоў, сметанковага сыру альбо гарбузікаў. Падсушыце белы хлеб на гарачай патэльні без алею. З ім гарбузовы суп будзе яшчэ смачнейшы.