У Аршанскім рэгіёне з’явіліся мабільныя паштальёны. Як яны працуюць?

«Белпошта» запусціла ў Аршанскім рэгіёне пілотны праект «Мабільны паштальён».

Вадзіцель-паштальён Вячаслаў Буланок

Цяпер праз спецыяльны мабільны тэрмінал паштальёна аршанцы могуць аформіць падпіску на перыядычныя выданні, папоўніць баланс тэлефона, аплаціць камунальныя ці іншыя паслугі праз сістэму АРІП.

Дарэчы, спектр паслуг гэтым не будзе абмежаваны. Да канца года ў жыхароў нашага рэгіёна з’явіцца магчымасць з дапамогай “Мабільнага паштальёна” набываць газеты і часопісы, латарэйныя квіткі, іншыя тавары, якія прапануе пошта. Наступным этапам плануецца запусціць паслугу прыёму ўнутраных і міжнародных паштовых адпраўленняў, прыёму і выдачы паштовых грашовых пераводаў, выдачы пенсій і дапамог.

Новы праект вельмі парадаваў жыхароў сельскай мясцовасці, асабліва аддаленых і маланаселеных вёсак, дзе няма паштовых аддзяленняў і банкаў. Паштальёна з гаджэтам у руках тут чакаюць з нецярпеннем. Аплаціць паслугі “Мабільнага паштальёна” можна як наяўнымі, так і картай банка.

Спецыяльнымі тэрміналамі на Аршаншчыне карыстаюцца на двух маршрутах. На адным з іх працуе вадзіцель-паштальён рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Вячаслаў Буланок. Яго маршрут кожны працоўны дзень складае каля 120 кіламетраў, абслугоўвае спецыяліст 15 вёсак.

Карыстацца мабільным тэрміналам вельмі зручна і не займае шмат часу, што значна аблегчыла работу паштавіка. Цяпер яму не трэба афармляць паслугі ад рукі і выпісваць чэк, дастаткова зрабіць усяго некалькі клікаў на мабільным прыстасаванні: усе аперацыі праводзяцца ў анлайн-рэжыме і адразу паступаюць у базу дадзеных “Белпошты”.
Такія мабільныя навінкі, безумоўна, забяспечваюць высокі ўзровень сэрвісу “Белпошты” і дазваляюць быць бліжэй да сяльчан.

Калі пілотны праект дасць станоўчы вынік і пакажа сваю эфектыўнасць, то мабільныя паштальёны ў хуткім часе з’явяцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.