Дыханне акварэляў Ігара Шкуратава

Персанальная выстава работ вядомага віцебскага майстра, сябра Беларускага саюза мастакоў Ігара Шкуратава прадстаўлена ў Аршанскай мастацкай галерэі. Экспазіцыя “Ува мне прачнуўся дух прыроды ” працуе да 28 красавіка.

Час для выставы абраны недарэмна. У карцінах Ігара Шкуратава – ра­дасць жыцця і надзеі, якія кожны з нас асабліва востра адчувае вясной. На выставе пераважаюць пейзажы. На палотнах – цудоўныя краявіды маляўнічай прыроды нашай Бацькаўшчыны. Акварэль І. М. Шкуратава адрозніваецца тонкім адчуваннем каляровых спалучэнняў. Дарэчы, многія майстры называюць акварэль адным з самых складаных відаў выяўленчага мастацтва. Калі працуеш у гэтай капрызнай тэхніцы, галоўнае – цвёрдасць рукі і неверагоднае пачуццё колеру і святла. Акварэль не даруе памылак, любіць эмацыянальнасць. Ігар Шкуратаў пасябраваў з гэтым відам жывапісу, таму з лёгкасцю выражае ў карцінах настрой і пачуцці. На палотнах мастака ажываюць, пачынаюць іграць дзівоснымі фарбамі парогі на лясной рацэ, зліваюцца з сонейкам залатыя дзьмухаўцы. На карціне “Адлюстраванне” сустрэліся восень з зімой, жоўтыя дрэвы глядзяцца ў воднае люстэрка, якое хутка схаваецца пад лёд. Сапраўдны гімн мужнасці – работа “Тры сястры”. На пакручастым узгорку пільна паглядаюць удалечыню тры велічныя прыгажуні-сасны. Іх нішто не зможа зламіць, бо сіла гэтых дрэваў – у адзінстве.

На палотнах мастака – усе сезоны. Восеньскія пейзажы (“Восеньская меланхолія”, “Восеньскія кастры”, “Лістапад”) пераносяць нас у пахмурную, даждлівую пару. Марозным подыхам вее ад работ “Зімовы дзень”, “Зімовая рака” і іншых. Вясна ў Шкуратава вельмі вытанчаная і сціплая, лета – яркае і звонкае. На выставе “Ува мне прачнуўся дух прыроды” шмат даволі пахмурных палотнаў. Але побач з імі маляўнічыя краявіды і лёгкія акварэлі. Многія работы прымушаюць задумацца. На карціне “Кінутае гняздо” (на здымку) намалявана “памерлая” вёска. Адсюль, здаецца, жыццё пайшло назаўсёды, нават буслянка асірацела. Пакінутая, стаіць на пагорку царква, адлятае птушыны клін. А колькі такіх забытых вёсак у нашай Беларусі?

Ігар Шкуратаў – мастак, паэт і летуценнік. Віцебскі майстар стварыў чатыры зборнікі вершаў. Больш за тры тысячы яго работ знаходзяцца ў прыватных калекцыях блізкага і далёкага замежжа. Гульня святла і цені, лёгкі ветрык – яны ажываюць толькі на палотнах мастака. Слоік з вадой, пэндзлікі і звычайныя акварэльныя фарбы – усё, як на школьным уроку. Неверагодна, але менавіта з дапамогай гэтых няхітрых прыладаў нараджаюцца шэдэўры, якія выклікаюць захапленне ў наведвальнікаў выставы, прыхільнікаў творчасці Ігара Шкуратава.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий