Па бацькоўскім прыкладзе

Па традыцыі да Першамаю аднаўляецца гарадская Дошка гонару. І ў шэрагу перадавікоў вытворчасці можна ўбачыць партрэт прараба БУ №40 ААТ “Аршанскі будаўнічы трэст №18” Андрэя Анатольевіча Ліпінскага (на здымку).

Для Андрэя гэта першая ўзнагарода такога ўзроўню і ішоў ён да яе не адзін год. Спачатку атрымаў прафесію цесляра-сталяра, рэзчыка па дрэве ў Аршанскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №110 будаўнікоў, потым скончыў Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, дзе авалодаў спецыяльнасцю прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. У будаўнічым упраўленні №40 ён працуе з 2000 года. На яго рахунку – пабудаваныя жылыя дамы ў Дуброўна, Балбасава, Оршы. Зараз ён прымае ўдзел ва ўзвядзенні дзесяціпавярховага 40-кватэрнага дома па вул. Магілёўскай, 11 у новым мікрараёне Задняпроўе.

Андрэй Анатольевіч лічыць, што стаць прафесіянальным будаўніком яму дапамог перш за ўсё бацька Анатоль Ліпінскі, які шмат год працуе ў БУ №40 прарабам, а таксама яго першыя вытворчыя настаўнікі – знакамітыя аршанскія будаўнікі – Яўген Курыльчыкаў і Міхаіл Гусянцоў. Ад іх ён пачэрпнуў і адказныя адносіны да справы, і высокую самадысцыпліну, па іх правілах арганізоўвае працу на давераных яму будаўнічых аб’ектах і ладзіць з людзьмі.

Ведаюць А. Ліпінскага і як добрага сем’яніна. Яго жонка Наталля Анатольеўна па прафесіі таксама будаўнік, працуе ў КУП “Оршакамгас”, дарэчы, вучылася разам з Андрэем у Віцебскім індустрыяльна-тэхнічным тэхнікуме, дзе, уласна, яны і пазнаёміліся. Разам супругі выхоўваюць маленькую дачку Дашу. У вольны час займаюцца садаводствам і агародніцтвам, любяць рыбалку, паходы ў лес за грыбамі і ягадамі. Гэта дружная сям’я, якой можна ганарыцца.

Людміла ЛЮДМІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий