У Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама абмеркавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін наведаў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат. Ён пажадаў яе выхаванцам і калектыву здзяйснення ўсіх жаданняў і перадаў манаблок, пральную машыну і два веласіпеды. Атрымала дзятва і салодкія падарункі паведамляюць карэспандэнты «Віцьбічы«.

Пасля прагляду навагодняга прадстаўлення, якое падрыхтавалі выхаванцы, Уладзімір Пенін сустрэўся з калектывам школы-інтэрнат. На сустрэчы прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак. Удзельнікі абмеркавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На некаторых з іх у пачатку свайго выступлення спыніўся дырэктар Бягомльскай школы-інтэрнат Валерый Міхайлоўскі.
– Канстытуцыя – гэта Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу, замацоўвае прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін, – падкрэсліў Валерый Пятровіч. – Змяненні ў галоўны дакумент краіны ўносіліся ўжо не раз. Гэта было ў 1996 годзе, 2004-м, апошнія – у кастрычніку мінулага года. Сённяшні змены абумоўлены аб’ектыўнай дынамікай грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў, а таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай агульнасусветных і постсавецкіх тэндэнцый канстутыцыйнага рэфармавання.У сакавіку 2021 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была створана канстытуцыйная камісія і рабочая група, якія працавалі над унясеннем змяненняў у новы праект Канстытуцыі. У выніку праект быў дапрацаваны. Што ж у ім з’явілася новае?Дапоўнена палажэнне аб захаванасці нацыянальнай самабытнасці, суверэнітэту, аб культурных і духоўных традыцыях, сацыяльнай справядлівасці грамадства. Унесена палажэнне, накіраванае на захаванне гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Адна з прынцыпіяльных пазіцый – захаванне сацыяльнай накіраванасці і дзяржаўнай палітыкі з улікам сацыяльна-эканамічных магчымасцей дзяржавы. Працоўныя гарантыі, абарона праў уласнасці, даступнасць адукацыі, садзейнічанне кожнаму грамадзяніну ў набыцці жылля засталіся нязменнымі. Асаблівая ўвага – выхаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Акрамя падтрымкі сем’яў з дзецьмі, прапісана падтрымка дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама моладзі, пажылых людзей і інвалідаў, што, лічу, вельмі важна.
– Нягледзячы на тое, што новы праект Канстытуцыі ўжо апублікаваны, працягваецца яго актыўнае абмеркаванне, – звярнуў увагу Уладзімір Пенін. – Так, ад насельніцтва паступіла больш за 1000 прапаноў, якія абавязкова будуць разгледжаны. Самае галоўнае, што Канстытуцыя засталася сацыяльна накіраванай, у дакуменце пакінуты ўсе гарантыі на адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, сацыяльнае забеспячэнне.
Затым сустрэча перайшла ў дыялогавы фармат. У прыватнасці,прысутных цікавіла, якія змены чакаюцца ў дзейнасці Парламента і ўрада.
– Для парламентарыяў устанаўліваецца пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў, – пракаментаваў Уладзімір Пятровіч. – Прадугледжана адна працяглая сесія работы Парламента, дэпутаты будуць актыўней уцягнуты ў вырашэнне ўсіх важных дзяржаўных задач. У адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй у выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта яго паўнамоцтвы ажыццяўляюцца прэм’ер-міністрам. Згодна прапанаваным змяненням узмацняюцца паўнамоцтвы кіраўніка ўрада. Фактычна ў яго руках засяроджваюцца рычагі эканамічнай улады. У выпадку экстраннай сітуацыі функцыі Прэзідэнта перадаюцца старшыні Савета Рэспублікі, што забяспечвае прынцып балансу ўладных паўнамоцтваў.
Акрамя гэтага, на сустрэчы былі закрануты пытанні шлюбу як саюза жанчыны і мужчыны, сям’і і мацярынства, а таксама накіравання ваеннаслужачых тэрміновай службы за межы Рэспублікі Беларусь у зоны ваенных канфліктаў для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і падтрыманні міжнароднага міру.