Важатыя

Калісьці дзень 19 мая ўся вялікая краіна СССР шырока адзначала як свята Усесаюзнай піянерскай арганізацыі. З гэтай нагоды мне ўспомнілася цікавае мінулае маёй маладосці. Мяркую, мой расповед прыйдзецца па душы і шматлікім чытачам “Аршанскай газеты”.

У перыяд 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя я стала працаваць старшай піянерважатай у Андрэеўскай школе-інтэрнаце, а пасля ўзначальвала школьны аддзел райкама камсамола па рабоце са школьнай моладдзю і піянерамі. Разам са мной самааддана працавалі ўлюбёныя ў сваю справу дзяўчаты-важатыя. Многія з іх вучыліся завочна ў вну і былі звязуючым ланцужком паміж настаўнікамі і дзецьмі. Цікавыя піянерскія зборы, цімураўскія атрады, працоўныя дэсанты, падрыхтоўка і прыём у піянеры, члены УЛКСМ, удзел ва Усесаюзных піянерскіх аглядах на лепшую дружыну, атрад, работа з малодшымі школьнікамі-акцябратамі, найсмачнейшая бульба, спечаная ў вогнішчы, – вось далёка не поўны пералік нашых карысных для ўсіх спраў.

Незабыўнымі сталі для нашага пакалення важатых раённыя піянерскія злёты лепшых піянерскіх атрадаў – пераможцаў Усесаюзнага піянерскага спаборніцтва. У адзінай піянерскай форме, з палымнею-чымі на грудзях гальштукамі, стройная калона, на чале якой ішлі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны-педагогі, са сцягамі маршыравала па галоўнай вуліцы горада, каб ускласці кветкі да помніка Леніну. Грымеў аркестр, гукі піянерскіх горнаў і дроб барабанаў разносіліся па ўсёй акрузе, прыцягваючы ўвагу гараджан, а вочы хлапчукоў і дзяўчынак свяціліся гонарам – “Мы – лепшыя”. Пасля афіцыйнай часткі свята працягвалася ў летнім кінатэатры на тэрыторыі гарадскога парку. У той час школы не мелі камп’ютэраў, не было навейшых метадычных распрацовак, такой музычнай апаратуры, як сёння. Самы распаўсюджаны музычны інструмент – баян або акардэон. Але ў нас усіх было вялікае жаданне працаваць, а на раённых семінарах старшыя піянерважатыя дзяліліся сваімі творчымі напрацоўкамі і планамі, вопытам і ідэямі.

фота з сайта 1939.ru

Сярод няўрымслівых важатых 60-70-х гадоў я хачу назваць Марыю Краўчанкаву з Высокскай СШ, Зінаіду Голяс са Смальянскай СШ, Ганну Папко з Барздоўскай СШ, Ніну Шурпіну з Юрцаўскай СШ, Раісу Хаткевіч з Якаўлевіцкай СШ, Лідзію Пасуднеўскую з Крапівенскай СШ, Еўдакію Карманаву з Браздзетчынскай СШ, Веру Грачыху з Межаўскай СШ, якія аддалі падрастаючаму пакаленню таго перыяду па 10-20 гадоў плённага жыцця. Па 5-8 гадоў аддалі рабоце з піянерамі і камсамольцамі Соф’я Кукса і Людміла Навуменка з Арэхаўскай СШ, Надзея Сцяпанава з Арэхаўскай базавай школы, Любоў Брэцкая з Панізоўскай школы, Раіса Кубанава з Пішчалаўскай СШ, Галіна Аланцьева з Тарчылаўскай СШ, Валянціна Красантовіч з Ларынаўскай базавай школы, Зоя Атрашкевіч з Гразінскай СШ, Валянціна Палкоўская з Туравіцкай базавай школы і многія іншыя. На жаль, сёння з намі няма ўжо Соф’і Куксы, Лідзіі Пасуднеўскай, але памяць аб іх застанецца ў сэрцах вучняў і тых, хто працаваў побач.

Прайшлі гады. Былыя важатыя сталі настаўнікамі-прадметнікамі, вучылі дзяцей у пачатковых класах. Соф’я Кукса доўгі час працавала завучам, Валянціна Красантовіч, Галіна Аланцьева, Зоя Атрашкевіч былі дырэктарамі школ, Любоў Брэцкая – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. За сваю плённую дзейнасць многія адзначаны рознага роду ўзнагародамі. Так, напрыклад, Людміла Навуменка з’яўляецца Заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь, Марыя Краўчанкава мае значок ЦК УЛКСМ “Лепшаму важатаму” і знак “Выдатнік народнай асветы”, Вера Грачыха ў свой час атрымала два медалі ЦК УЛКСМ, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі БССР былі ўзнагароджаны Зоя Атрашкевіч і Раіса Кубанава. Усе гэтыя жанчыны – ветэраны педагагічнай працы. Яны і сёння частыя госці ў сваіх школах, займаюцца грамадскай дзейнасцю. Іх памятаюць былыя вучні, многія з якіх таксама прайшлі школу важатых.

З распадам СССР для педагогаў і вучняў настаў цяжкі час: зніклі піянерскія і камсамольскія арганізацыі, пасада старшай піянерважатай стала непатрэбнай. Толькі ў некаторых школах раёна, дзе працавалі неабыякавыя да выхавання моладзі педагогі, пад рознымі назвамі пачалі стварацца самадзейныя аб’яднанні для малодшых і старэйшых школьнікаў: “Верасочкі”, “Вясёлкі”, “Скарынічы”, “Нашчадкі” і г.д. Безумоўна, патрэбны быў адзіны цэнтр кіравання гэтымі аб’яднаннямі, і такія арганізацыі былі створаны: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Ужо да канца 1992 года ў Аршанскім раёне стала дзейнічаць піянерская арганізацыя. На той час я працавала дырэктарам раённага цэнтра па рабоце з дзецьмі (былы Дом піянераў), і разам з метадыстамі Ірынай Смірновай і Таццянай Сямёнавай мы дапамагалі школам ствараць піянерскія дружыны. Было нялёгка, бо не хапала кадраў, патрэбна была новая піянерская сімволіка, ды і чаго крывіць душой: некаторыя педагогі і кіраўніцтва школ не хацелі мець у школах ніякіх аб’яднанняў. З цягам часу ўсё наладзілася. На змену старшым піянерважатым прыйшлі педагогі-арганізатары, а ў дзяцей з’явіліся новыя трохкутныя гальштукі, сімвалы нашай дзяржавы Беларусь. Сёння ў школах раёна налічваецца 25 піянерскіх дружын. Яны аб’ядноўваюць у сваіх радах 1237 піянераў.

У верасні маладая піянерская арганізацыя будзе адзначаць свой чарговы дзень нараджэння. Мне вельмі хацелася б, каб напярэдадні педагогі-арганізатары школ раёна сабраліся разам на раённы піянерскі збор, падзяліліся вопытам з маладымі калегамі, якія сёння працягваюць распачатую імі справу выхавання падрастаючага пакалення нашай роднай Беларусі. Спадзяюся, так яно будзе і надалей.

В. Капчэўская,

намеснік старшыні раённага аб’яднання ветэранаў педагагічнай працы.

Добавить комментарий