Аб праблемах дарог прыватнага сектара і не толькі…

У адрас работнікаў КУП “Арыён” аднолькава часта чуюцца як падзякі, так і нараканні на ўтрыманне гарадскіх тэрыторый. Нагадаю чытачам “АГ”, што прадпрыемства выконвае работы па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні і ямачным рамонце Оршы, Барані, Бабініч, Андрэеўшчыны. Абавязкі гэтыя надзвычай клапатлівыя і не кожны з працуючых тут можа вытрымаць высокія патрабаванні да якасці выконваемых работ. Зноў жа, любы дбайны гаспадар добра ўсведамляе сабе: чысціня і парадак у сваім жытле дасягаюцца за кошт высокай культуры жыхароў. Сёння гаворка пойдзе пра стан дарог прыватнага сектара, якія лепш за ўсіх ведае кампетэнтны субяседнік, дырэктар КУП “Арыён” Аляксандр Іванавіч Макаранка.

Аляксандр Іванавіч Макаранкаў

– Аляксандр Іванавіч, як ураджэнец раёна “Заходняя”, жыхар сектара прыватнай забудовы, кіраўнік прадпрыемства па добраўпарадкаванні, завастрыце ўвагу на дарогах ускрайкаў горада.

– Штодзень спецыялісты прадпрыемства разам з рабочымі накіроўваюцца на свае ўчасткі, каб заняцца бруднай працай, за выкананне якой сёння возьмецца не кожны. Яны мятуць двары і вуліцы, ачышчаюць ад смецця аўтобусныя прыпынкі, скверы і паркі, выконваюць ямачны рамонт цэнтральных дарог, грэйдзіруюць дарожнае пакрыццё раёнаў прыватнай забудовы. У адпаведнасці з графікам работ з 56 вуліц прыватнага сектара за кошт уласнага фінансавання прадпрыемства ўжо падсыпаны амаль 30 дарог. На жаль, сродкаў катастрафічна не хапае. Разважце самі, дзесяцітонны МАЗ шчэбеню каштуе сёння 3,5 млн рублёў. Затраты адчувальныя, а на дарозе гэтай масы не бачна. Між тым, на некалькі метраў вуліцы патрабуецца мінімум 10 машын падсыпкі. Мы стараемся шукаць больш танны матэрыял на падсыпку, каб зрабіць як мага больш вуліц, і дзякуй тым жыхарам, хто разумее станові­шча спраў…

Але многае залежыць і ад саміх жыхароў прыватнага сектара. Узяць хаця б стары раён “Усходняя”. Там жыхары самавольна перакапалі амаль усе вуліцы, і сёння пры грэйдзіраванні вузкіх дарог значна перашкаджаюць рознага роду канавы і раўчукі. У мяне ля­жаць 49 скаргаў ад уладальнікаў прыватных ся­дзіб на падтапленне дамоў. У свой час пры планіроўцы забудовы, улічваючы блізкае заляганне грунтовых вод, у гэтым раёне заклалі меліярацыйную сетку каналаў. З гадамі старыя жыхары памерлі, а новыя домаўладальнікі перакапалі ўчасткі і пашкодзілі ліўнёўку. У выніку атрымалі застой вады, а, улічваючы, што дарогі час ад часу падсыпаюцца, а значыць, сталі вышэй за ўзровень участкаў, вада пайшла ў забудовы.

– Аляксандр Іванавіч, раёны Грачыхі не такія старыя, яны забудоўваліся ў сярэ­дзіне сямідзесятых. Тым не менш, стан дарог тут, мякка кажучы, кепскі. Падчас правядзення ў горадзе рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2008” усе вуліцы і завулкі гэтага раёна былі падсыпаны пяском і гравіем, але значную частку “дармавых” матэрыялаў уладальнікі дамоў зграблі сабе ў двары. Сёння яміны ўсё больш адчувальна напамінаюць пра сябе пешаходам і аўтамабілістам, асабліва ў дажджлівае надвор’е. Што нам чакаць ад будучыні?

– Згодна з правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый г. Оршы, г. Барані, г. п. Бабінічы, Андрэеўшчына падсыпку дарог право­дзяць раз у тры-чатыры гады. У раёне “Заходняя”, дзе таксама адсутнічае ліўнёўка, грэйдэрам сёлета пройдзены амаль усе вуліцы. Некаторыя з іх у розных раёнах прыватных забудоў падсыпаць не дазваляюць самі жыхары, бо вада падтоплівае ўчасткі і дамы. Па ўсім, тут трэба было б зрэзаць верхні слой і зрабіць падсыпку, аднак на адпаведнай глыбіні пракладзены водаправод, газ, тэлефонная сувязь, каналізацыя, таму зразаць верхні слой глебы, як таго патрабуе тэхналогія ўпарадкавання дарогі, мы не маем права, бо парушым гэтыя сеткі. Аналагічная праблема і ў раёне Замосця. Пакуль што, нічога, апрача грэйдзіравання вуліц і завулкаў, абяцаць не магу.

– А ці ёсць прыклады “са святлом у канцы тунэля”?

– Безумоўна. Гэта завулкі ў раёне вуліцы Горацкай, 4 вуліцы Ліпкі – Ярашэвічы, на апошнія распрацавана праектна-смётная дакументацыя ў памеры больш за тры мільярды рублёў. У раёне “Сельгастэхніка” вырас цэлы жылы комплекс з асфальтавымі дарогамі, водаправоднай сеткай і электрычнасцю.

Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы звярнуцца да жыхароў прыватнага сектара. Стан дарог вышэйадзначаных раёнаў у многім залежыць ад уладальнікаў сядзіб. У свой час жыхары раёна “Заходняя”, мой бацька быў вулічкамам, самі клапаціліся пра добраўпарадкаванне вуліц і завулкаў: закопвалі на ўчастку смецце, падмяталі палову вуліцы ад суседа да суседа. І, ведаеце, ні з каго карона не звалілася, наадварот, выконвалі гэтыя работы дружна, грамадой. Сёння гэтая згуртаванасць знікла, і мы ўсё часцей узгадваем пра ўласныя правы, забываючыся пра абавязкі…

Так, мой субяседнік мае рацыю. Некалькі гадоў таму рашэннем Аршанскага гарвыканкама зацверджаны правілы добраўпарадкавання і ўтры­мання тэрыторый Оршы, Барані, г. п. Балбасава. Згодна з гэтым дакументам для ўсіх суб’ектаў гаспадарання быў устаноўлены адзіны санітарны дзень – апошні чацвер кожнага месяца. Правілы з’яўляліся абавязковымі для юрыдычных асоб і грамадзян, арандатараў, забудоўшчыкаў, уладальнікаў будынкаў і збудаванняў, размешчаных на тэрыторыі Оршы, Барані і Балбасава, а таксама насельніцтва, пражываючага на дадзеных тэрыторыях. Усе пералічаныя вышэй абавязаны за кошт уласных сродкаў праводзіць работы па іх добраўпарадкаванні і азеляненні. Уборку тэрыторый індывідуальнай забудовы ажыццяўляюць уладальнікі дамоў да сярэдзіны праезджай часткі на плошчы па ўсёй даўжыні замацаванага ўчастка. Кантроль за ўтрыманнем вуліц, двароў і іншых тэрыторый у сектары індывідуальнай забудовы ажыццяўляе Аршанскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Аршанская гаррайінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя, Аршанскі гарадскі аддзел унутраных спраў.

За апошні час у жыццядзейнасці прыватнага сектара адбыліся значныя змены ў лепшы бок. КУП “Спецаўтабаза” па заключаных дагаворах штотыднёва збірае смецце, пабудавана некалькі станцый па абезжалез­ванні вады, улетку вуліцы грэйдзіруюцца, а зімой ачы­шчаюцца ад снегу, па магчымасці, праводзяцца работы па адводу вады ад домаўладанняў. Большасць з нас разумее станові­шча спраў, звязанае з фінансаваннем таго ж КУП “Арыён”, не на Луне жывём. І ўсё ж, так хочацца, каб прыватны сектар нашага горада больш імкліва станавіўся цывілізаваным.

Ліна Гатоўская.

Фота аўтара.

Добавить комментарий