ДЗЯКУЙ ЗА ЎРАДЖАЙ!

ХЛЕБАРОБЫ

Механізатары КСУП “СГЦ “Задняпроўскі” Сяргей Грэкаў і Павел Магер (на здымку) – па жыцці аптымісты. Іх пазітыўны настрой, нібы глыток свежага паветра ў спякотны дзень, дае іншым новы імпульс у рабоце, адзначаюць калегі.

Сяргей Аляксеевіч – вопытны камбайнер. Ён выдатна ведае сваю справу. А вось Павел Магер хаця і працуе на прадпрыемстве толькі трэці год, але ўжо падае вялікія надзеі. У ім адчуваецца стрыжань гаспадара, чалавека, неабыякавага да зямлі і сельскай гаспадаркі. Не было сумненняў, што на жніве механізатары будуць трымаць высокую планку.

Экіпаж камбайнераў у складзе Сяргея Грэкава і Паўла Магера ўпарта ішоў да перамогі. Яны першыя ў сваёй гаспадарцы намалацілі тысячу тон зерня, а ўсяго намалот склаў 1906,6 тоны. Праўда, у такую “гарачую” страду, калі кожны кілаграм зерня быў на вагу золата, асабліва думаць пра поспех не прыходзілася, прызналіся хлебаробы. Ім хацелася не толькі ўкласціся ў адпаведныя тэрміны, а і ўбраць хлеб з мінімальнымі стратамі. Спалучэнне вопыту і маладосці дало свае станоўчыя вынікі. Яны паспяхова завяршылі ўборачную кампанію і зараз рыхтуюцца да камандзіроўкі ў Маладзечна, дзе на гэтым тыдні адбудзецца рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2011”.

Сярод тых, хто бу­дзе прадстаўляць Аршанскі раён на “Дажынках”, ёсць і яшчэ адзін прадстаўнік КСУП “СГЦ” “Задняпроўскі” – старшы аператар зернесушыльнага комплексу Юрый Мяньшынін (на здымку). За перыяд уборкі зерневых пры двухзменным рэжыме работы звяно пад яго кіраўніцтвам высушыла 3763,37 тоны зерня.

Юрый Анатольевіч крыху хвалюецца перад паездкай у Маладзечна. Яно і зразумела, бо ўпершыню аказаўся ў ліку лепшых і першы раз пабывае на такім прэстыжным фестывалі.

НЕ ПЕРШЫ ГОД У ЛІДЭРАХ

Не першы год лідзіруючыя пазіцыі на жніве тры­маюць маладыя хлебаробы з ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксей Парчэўскі і Ігар Клімянкоў. Экіпаж камбайнераў намалаціў 1318 тон збожжа.

У 2009 годзе на “Дажынках” у Кобрыне Аляксей і Ігар сярод маладых хлебаробаў занялі трэцяе месца, у 2010-м на “Дажынках” у Лідзе сталі першымі, дзе Аляксей атрымаў новы аўтамабіль, а таксама былі адзначаны каштоўнымі падарункамі на абласных “Дажынках” у Расонах. А Аляксей Парчэўскі яшчэ быў прызнаны “чалавекам года Віцебшчыны-2010”.

Пацвердзілі механізатары свой высокі прафесійны ўзровень і на сёлетняй уборачнай кампаніі. Ужо трэці раз запар яны бу­дуць прадстаўляць Аршаншчыну на рэспубліканскіх “Дажынках”.

“Аляксей і Ігар заўсёды ставяцца да сваіх абавязкаў з асаблівай адказнасцю, – характарызуе работнікаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Фірсін. – Аляксей Парчэўскі, напрыклад, ужо дастаткова вопытны механізатар і не першы год працуе на жніве, пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Побач з ім стараецца і Ігар Клімянкоў – хлопец, для якога другарадных спраў ніколі не бывае. Яго асноўная прафесія – слесаў-рамонтнік, а пад час жніва ён заўсёды ўдзельнічае ва ўборцы ўраджаю. Мы ганарымся, што ў нашым калектыве ёсць такія мэтанакіраваныя, добрасумленныя, адказныя маладыя работнікі, на якіх можна заўсёды разліч­ваць”.

ТРЫМАЕ СВАЮ “МАРКУ”

Для вадзіцеля ААТ “Роскі Сялец” Дзмітрыя Карабанава ўборачная кампанія 2009 года стала паспяховай. На жніве сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, ён упершыню аказаўся ў ліку лепшых і быў запрошаны на “Дажынкі” ў Кобрын. У мінулым годзе ён таксама стаў прызёрам. Пасля ўдзелу ў фестывалі-кірмашы засталося шмат уражанняў, перапаўняла пачуццё гонару.

З’явіўся і стымул праца­ваць яшчэ лепей. “ Стараюся з года ў год трымаць сваю “марку”, бо разумею, што на мяне спадзяюцца, а гэта да многага абавязвае. Толькі вось шлях да поспеху ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі няпросты”, – разважае Дзіма. Як цяжка расціць і ўбіраць хлеб, вясковы хлопец ведае з дзяцінства, але іншага лёсу ён не шукае. Калі пасля службы ў арміі яму прапанавалі застацца ў Мінску, не раздумваючы, адказаўся. Зразумеў, што не зможа здрадзіць родным мясцінам і пераехаць з любімай вёсачкі Стар у мітуслівую сталіцу.

За “штурвалам” МАЗ-555 Дзіма трымаецца ўпэўнена, цвёрда. Рамантыкай дарог яго зацікавіў бацька, які таксама ўсё жыццё прысвяціў вадзіцельскай справе. Сына ён заўсёды вучыў, што ўборачная кампанія – гэта самы адказны перыяд, таму трэба працаваць у некалькі разоў больш, не шкадуючы сіл і часу. Сёлета Дзмітрый Карабанаў перавёз 2601,6 тоны зерня і зноў аказаўся ў прызёрах.

Настасся Турок.

Фота аўтара.

Добавить комментарий