ДЗЯКУЙ ЗА ЎРАДЖАЙ!

НА ПОЛЕ – З ДОБРЫМ НАСТРОЕМ

Аляксандр Пахоменка – адзін з вопытных машыністаў-трактарыстаў дзяржаўнага прадпрыемства “Межава”. На прадпрыемстве ён – з 1981 года. Любая тэхніка ў яго руках працуе, як гадзіннік: хутка, зладжана.

Ва ўсіх сельскагаспадарчых работах ён незаменны чалавек, бо заў­сёды ў ліку першых выязджае на поле і працуе, пакуль не выканае заданне ў поўным аб’ёме. На яго раўняюцца і іншыя работнікі прадпрыемства, асабліва моладзь. Амаль кожную ўборачную кампанію ён працаваў на камбайнах, неаднаразова выходзіў пераможцай раённых спаборніцтваў.

Часам калегі здзіўляюцца, адкуль Аляксандр Аляксеевіч чэрпае энергію, як яму даводзіцца заставацца заўсёды ў добрым настроі ўвесь дзень пры такой напружанай рабоце? “Як сябе настроіш, так і справа пойдзе”, – дзеліцца сваім сакрэтам поспеху Пахоменка. У гэтым го­дзе на нарыхтоўцы кармоў на МТЗ-3022 ДЦ.1 Аляксандр перавёз 6151,3 тоны сянажнай масы і 12302,6 тоны – зялёнай. Зараз Аляксандр Пахоменка рыхтуецца да рэспубліканскіх “Дажынак”, дзе ён будзе разам з іншымі хлебаробамі прадстаўляць Аршаншчыну.

ПОСПЕХАЎ ТАБЕ, АЛЯКСЕЙ!

Вадзіцеля ААТ “Задроў’е” і ўдзельніка “Дажынак” у Маладзечне Аляксея Дамброўскага (на здымку справа) давялося застаць на полі. Як раз дырэктар гаспадаркі Мікалай Нарчук вёў з ім гаворку пра ўраджай, аб’ёмы работы, надыходзячае свята хлебаробаў.

Аляксей – перспектыўны малады рабочы, адзін з тых, хто сэр­цам хварэе за справу і ведае, як выканаць яе хутка і якасна. На жніве ён працаваў на адвозцы зерня, перавёз 775 тон збожжа. На “Дажынкі” едзе не ўпершыню, у 2008 годзе ўжо быў у ліку лепшых. Упэўнены, што да першага месца яму засталося зусім нямнога. Поспехаў табе, Аляксей! Мы ў цябе верым!

НЕ СПЫНЯЦЦА НА ДАСЯГНУТЫМ

Сёлета зернавы клін ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” склаў 730 гектараў, ураджайнасць – 40,1 цэнтнера з гектара. Уборачная кампанія прайшла на высокім арганізацыйным узроўні і ў максімальна сціслыя тэрміны. Тры экіпажы камбайнераў, якія працавалі на зерневых палетках, прыклалі ўсе намаганні, каб якасна, з мінімальнымі стратамі ўбраць хлеб. Двое з іх намалацілі па адной тысячы тон збожжа.

Аператыўна дзейнічалі і вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня. Так, малады хлопец Віталь Суманаў перавёз 879,5 тоны збожжа. Гэты высокі паказчык стаў пуцёўкай на рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2011” у Маладзечна.

Не спыняцца на дасягнутым – такі жыццёвы прынцып у вадзіцеля Віталя Суманава (на здымку). Ён упэўнены, калі плённа, аддана працаваць, ве­рыць у сябе і свае сілы, можна многага дасягнуць.

Па словах дырэк­тара прадпрыемства Анатоля Пашкевіча, на наступны год калектыў ставіць пера­д сабой задачу выйсці на ўраджайнасць у 50 ц/га. Дзеля гэтага ўжо ў сёлетнюю пасяўную кампанію зрабілі асаблівы акцэнт на арганіку і насенне. Пад сяўбу азімай пшаніцы было ўнесена 8210 тон арганічных угнаенняў, а насенне закладзена ў глебу вышэйшага гатунку, так што ў наступным годзе тут чакаюць багатага ўраджаю.

Настасся Турок.

Фота аўтара.

Добавить комментарий