З каталіцкім Раством! | расклад святочнай літургіі ў касцёлах Оршы

Са святам Божага нараджэння!

Улюблёныя хрысціяне-католікі, паважаныя жыхары горада Оршы, людзі добрай волі.

Чарговы раз да дзвярэй нашых дамоў наблізілася ўрачыстасць Божага Нараджэння. Гэта свята поўнае радасці, супакою, міру і задумы. Бог нарадзіўся як маленькае дзіця і стаў чалавекам, ва ўсім падобным да нас, апроч граху. Гэтая ноч Божага Нараджэння запрашае кожнага чалавека задумацца над дарам жыцця, які мы маем. Вялікую каштоўнасць мае людское жыццё, калі сам Бог пажадаў стаць адным з нас. Якое вялікае прызначэнне мае чалавек у Божых планах, калі нараджэнню Хрыста радуюцца нябёсы, а анёльскія хоры спяваюць гімн «Хвала на вышынях Богу і супакой людзям на зямлі». Сённяшні вечар запрашае нас таксама ўсвядоміць, як мала мы ведаем пра Бога і нашае прызначэнне. Настойліва мы не спяшаемся і не жадаем пазнаваць Бога і праўду пра саміх сябе, а Бог ёсць, і Яго нараджэнне пэўнае.

Дазвольце ад шчырага сэрца запрасіць кожнага з Вас задумацца над дарам жыцця, які мы атрымалі ад Бога, і павіншаваць з гэтым цудоўным святам – Божым Нараджэннем. У гэтую ноч увесь хрысціянскі свет з затоеным дыханнем захапляецца нараджэннем Збаўцы Езуса Хрыста. Жадаю, каб Божая ласка кранулася сэрца кожнага з нас і, перамяніўшы яго, напоўніла верай, мірам і супакоем.

У касцёле святога Юзафа ў г. Оршы па вул. Савецкай, 6 урачыстая літургія, Пастэрка, распачнецца 24 снежня ў 22.00. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння 25 снежня святая Імша адбудзецца ў 10.00.

У касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі ў г. Оршы па вул. Гомельскай, 1 урачыстая літургія, Пастэрка, распачнецца 24 снежня ў 21.00. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння 25 снежня святая Імша адбудзецца ў 10.00.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!

Настаяцель касцёла святога Юзафа ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі.
Фота С. Сляпцова.