Рыцар сумлення і свабоды

Сёння Рыцару сумлення і свабоды споўніўся бы 81 год. Уладзімір Караткевіч зрабіў родную літаратуру цікавай і захапляльнай. На жаль, большасць сучасных вучняў мяркуюць, што айчынная літаратура расказвае толькі пра нялёгкае жыццё прыгоннага сялянства ды пра ваеннае ліхалецце. Але знаёмства з творчасцю Караткевіча – рамантычнай “Ладдзёй Роспачы” ці містычным “Дзікім паляваннем караля Стаха” – дазваляе школьнікам па-іншаму пагля­дзець на літаратурную спадчыну беларусаў. Уладзімір Сямёнавіч яшчэ пры жыцці стаў самым папулярным беларускім пісьменнікам.

Шлях Караткевіча да прызнання і славы быў цярністы. Але Уладзімір Сямёнавіч меў цвёрды характар. І не саступаў з абранага шляху. У адным з лістоў Караткевіч прызнаваўся: «Я мог бы з куды большым поспехам пісаць па-расійску, або, падвучыўшыся трошкі, па-польску. Меў бы стотысячныя тыражы, дачу, прэміі. Я свядома пайшоў на больш цяжкі шлях… Нават проста дзеля таго, каб быць беларускім пісьменнікам, патрэбна мужнасць». Для нашага земляка галоўнай была чытацкая любоў, а не прэміі і ўзнагароды.

Таленавіты ў самых розных справах, Караткевіч быў і добрым суразмоўцам, і надзейным сябрам. Універсітэцкія таварышы любілі Уладзіміра Сямёнавіча за дасведчан­насць, сумленнасць і смеласць. У пісьменніка было добрае пачуццё гумару.

Хто ж такі Уладзімір Караткевіч? На гэта пытанне шчыра адказаў сам пісьменнік: «Празаік, паэт, драматург, перакладчык, сцэнарыст, настаўнік, мастак, паляўнічы, вандроўнік, рыбак…»

Марына МАРЫНІНА.

Добавить комментарий