ВЯСНОЙ УСЕ КЛОПАТЫ ПРА ЎРАДЖАЙ

Набліжаецца час вясенне-палявых работ. Аграрыі Аршаншчыны прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да новага сезона. Усяго неабходна было адрамантаваць 328 трактараў разнастайнай мадыфікацыі, машын па ўнясенні цвёрдых мінеральных і арганічных угнаенняў – 150 адзінак, машын па апрацоўцы глебы – 260 адзінак, пасяўных і пасадачных машын – 62 адзінкі. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту ўжо выдаткавана 798 млн рублёў, а таксама задзейнічаны асабістыя сродкі прадпрыемстваў – 1 млрд 900 млн рублёў.

Гатоўнасць усёй сельскагаспадарчай тэхнікі да сяўбы складае больш за 90%. Праўда, яшчэ неабходна набыць шыны на энерганасычаныя трактары, а ў астатнім новы сезон вясенне-палявых работ у Аршанскім раёне сустракаюць належным чынам. Пакуль у лідарах тут ідуць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: “Маяк Высокае”, “Птушкафабрыка Аршанская”, “Ударнік”, “Смальяны” і іншыя.

На ААТ “Маяк Высокае” адкрыцця новага вясенне-палявога сезона чакаюць з нецярпеннем. Уся тэхніка, задзейнічаная ў сёлетняй сяўбе, а гэта 46 адзінак, гатовая выйсці ў поле з першымі цёплымі дзянькамі. У гэтым мяне запэўніў галоўны інжынер Мікалай Юрчыс. У майстэрні прадпрыемства вядуцца заключныя рамонтныя работы агрэгата для ўнясення мінеральных угнаенняў, праведзена ўся неабходная замена запасных частак, тэхнічнае абслугоўванне трактараў, вырашаецца пытанне з набыццём паліва. Штомесяц, пачынаючы з лістапада мінулага года, на рамонт і абслугоўванне машынна-трактарнага парка кіраўніцтва ААТ “Маяк Высокае” выдаткоўвае каля 400 млн рублёў.

Для маладога механізатара прадпрыемства Андрэя Раманоўскага хутка пачнуцца “гарачыя” дзянькі, калі з раніцы да позняга вечара ён будзе сядзець за “штурвалам”. “Работу тэхнікі адладзіў. Працуе як гадзіннік, – расказвае Андрэй, – буду спадзявацца, што ў полі мяне не падвядзе, бо вельмі хочацца ў аптымальна сціслыя тэрміны завяршыць сёлетнюю пасяўную кампанію. Усім калегам хочацца пажадаць не толькі поспехаў на карысць будучага ўраджаю, але і спрыяльнага надвор’я”.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

На здымку: механізатар ААТ “Маяк Высокае” Андрэй Раманоўскі;

Уладзімір Крупскі і Анатоль Радкевіч з ААТ “Маяк Высокае”

праводзяць рамонт тэхнікі да сяўбы.

Добавить комментарий