“У гэтай выставе – сэрца”

Дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ул. Кузубаў і С. Баранкоўская.

Калі я гляджу на габелены Святланы Баранкоўскай, беларускай мастачкі, міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з паэзіяй. У саматканых палотнах нібы сабраны прыгажосць усіх сезонаў, музычная палітра красак. Свет габеленаў С. Баранкоўскай сапраўды здзіўляе кожнага.

Выстава “Пакуль. Жыве (паклон вялікаму каханню)”, якая прадстаўлена ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. Грамыкі, прысвечана каханаму мужу Святланы Баранкоўскай. Мастачка прапанавала прыхільнікам яе творчасці ўбачыць розныя сюжэтныя лініі. Незабыўнае ўражанне пакідае першая частка экспазіцыі, прысвечаная тэме ранняга хрысціянства. Сапраўды, габелен, як ніякі іншы від мастацтва, перадае настрой, эмоцыі і душэўную цеплыню аўтара. “За ткацтва нельга брацца ў дрэнным настроі”, – падкрэслівае Святлана Баранкоўская. Несумненна, габелен “Зямля пад белымі крыламі” “нарадзіўся”, калі сэрца мастачкі перапаўнялі любоў да роднага краю і беларускага народа. Работа была створана падчас пленэру цэнтра ім. Я. Драздовіча, прысвечанага Уладзіміру Караткевічу.

Святлана Баранкоўская даследуе гісторыю Беларусі і імкнецца вызначыць адметныя каштоўнасці свайго народа, якія адлюстроўвае ў сваіх габеленах. Натхнялі Святлану і выдатныя песняры роднай зямлі Васіль Быкаў, Максім Багдановіч, Тамаш Зан і іншыя. Работы на выставе аб’яднаны ў раздзел “Прысвячэнні беларускім пісьменнікам”. Дарэчы, габелен з партрэтам Тамаша Зана мастачка падарыла Аршанскай мастацкай галерэі.

Работы Святланы Баранкоўскай вельмі разнастайныя па стылістыцы. Мастачка звяртаецца да вытокаў нацыянальнага мастацтва, народнай творчасці. Адначасова Святлана шукае новыя формы, выкарыстоўвае розныя тэкстуры і матэрыялы. У мастачкі тонкае адчуванне колеру і святла. Святлана Баранкоўская, сябра Беларускага саюза мастакоў і беларускага саюза дызайнераў, неаднойчы паспяхова выстаўляла свае творы на міжнародных экспазіцыях. Яе першая персанальная выстава прайшла ў аршанскім этнаграфічным музеі “Млын”. Экспазіцыю, якая прадстаўлена ў галерэі, крыху пазней змогуць убачыць жыхары Эстоніі, Германіі, іншых краін.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий