ПЕРАД ВЫХАДАМ У ПОЛЕ

На Аршаншчыне завяршаюцца падрыхтоўчыя работы да вясенняй сяўбы. Як толькі ўсталюецца цёплае надвор’е, агратэхніка выйдзе ў поле. А пакуль ёсць час яшчэ раз пераправерыць, ці ўсё гатова да пасяўной.

Сёлета базавым сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзе прайшла традыцыйная вучоба-семінар для кіраўнікоў, галоўных інжынераў, галоўных аграномаў і механізатараў, было абрана адкрытае акцыянернае таварыства “Маяк Высокае” (кіраўнік Г. Фалько). І гэта невыпадкова. Тут заўсёды аднымі з першых у раёне выстаўляюць сваю тэхніку на лінейку гатоўнасці, ды і іншыя падрыхтоўчыя работы праводзяцца на вышэйшым арганізацыйным узроўні.

Шмат карыснай, цікавай інфармацыі аб заканамернасцях пасеваў і развіцці сельскагаспадарчых культур пры правільнай тэхналогіі і наладцы машын удзельнікам семінара расказаў прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Якаў Яроцкі (на здымку). Ён на канкрэтных прыкладах зрабіў дэталёвы аналіз станоўчых і адмоўных момантаў і фактараў, якія могуць паўплываць на ўраджайнасць: гэта і правядзенне сяўбы ў найлепшыя агратэхнічныя тэрміны, і ўнясенне мінеральных угнаенняў, апрацоўка глебы і іншае. Практычная частка семінара была прысвечана тэхніцы. Якаў Усцінавіч не толькі расказаў, але і паказаў, як правільна адрэгуляваць машыну, каб падчас сяўбы яна працавала як гадзіннік.

Вынік вучобы-семінара падвёў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аршанскага райвыканкама Андрэй Канстанцінаў. Ён звярнуў увагу кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна на пытанні своечасовай падрыхтоўкі машынна-трактарных паркаў да сяўбы, нагадаў пра забяспечанасць работнікаў, занятых у веснавых палявых работах, спецвопраткай, гарачым харчаваннем, неабходнасць правядзення інструктажаў па тэхніцы бяспекі.

Настасся ТУРОК.

Добавить комментарий