«Маяк Высокае». Як ідзе касавіца ў Аршанскім раёне

У сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Маяк Высокае” поўным ходам ідзе нарыхтоўка зялёных кармоў. Гэты перыяд для аграрыяў такі ж адказны і важны, як і ўборачная кампанія.

Механізатары Дзяніс Бабіч, Юрый Пачатоўскі, Вячаслаў Баранаў

У “Маяку Высокае” на ўтрыманні знаходзяцца больш за дзевяць тысяч галоў КРС, таму пытанне забеспячэння пагалоўя кармамі заўсёды на першым месцы. Кожны дзень тут імкнуцца нарыхтоўваць не менш за адну тысячу тон зялёнай масы. А ўсяго ў планах на сёлетні сезон неабходна назапасіць 1 600 тон сена, каля 27 тысяч тон сенажу, 34 тысячы тон кукурузы. На панядзелак 22 чэрвеня тут ужо скасілі 54 працэнты ад запланаванага аб’ёму. У траншэі заклалі больш за сем тысяч тон сенажу і 1 700 тон сіласу.

На зялёным жніве ў “Маяку Высокае” задзейнічаны чатыры кормаўборачныя камбайны, 15 адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы. Два гады таму для паляпшэння якасці трамбоўкі кармоў кіраўніцтва гаспадаркі набыло прычапны выраўніваючы каток. Створаны механізаваны атрад. Адно звяно займаецца нарыхтоўкай сянажнай масы, другое – сена. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алег Макарэвіч лічыць, што зараз неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці, працаваць, што называецца, на поўную сілу. Касавіцу сёлета пачалі крыху пазней, тэмпы работ павінны быць высокімі, пры гэтым асобую ўвагу неабходна надаваць якасці.

Механізатары Юрый Пачатоўскі, Дзяніс Бабіч, Дзяніс Пшонны, Віктар Капачоў трымаюць лідзіруючыя пазіцыі ў раённым спаборніцтве. На ўборцы траў яны працуюць не першы сезон, таму добра ведаюць, якая перад імі адказнасць. Першы ўкос хутка выйдзе на фінішную прамую, але наперадзе другі, а там будзе і трэці.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.