У Смальянскай сярэдняй школе выдаецца газета «Школьны веснік»
У Смальянскай сярэдняй школе Аршанскага раёна з верасня 2024/2025 навучальнага года выдаецца газета «Школьны веснік». Яна выходзіць раз на месяц з рознай колькасцю лістоў.

З’яўленне газеты заўсёды радуе дзяцей і настаўнікаў: кожны з цікавасцю гартае старонкі свежага нумара, каб убачыць сябе і сваіх сяброў, а таксама настаўнікаў. А большасць вучняў чытаюць новае выданне, каб пазнаёміцца са свежай інфармацыяй пра школьнае жыццё.
Выпуск газеты адбываецца ў рамках курса факультатыўных заняткаў «Прэс-цэнтр». Яны дазваляюць навучэнцам удзельнічаць у сур’ёзнай працы над тэкстам і ўдасканальваць свае ўменні ў яго рэдагаванні, спрыяюць развіццю камунікатыўных зносін сярод аднадумцаў, даюць практычную магчымасць удзельнічаць ў працэсе падрыхтоўкі чарговага выдання, пераканацца ў выбары прафесіі, звязанай з журналістыкай.
Самымі актыўнымі і творчымі юнымі карэспандэнтамі школьнай газеты з’яўляюцца навучэнцы Арцём Буйніцкі, Марат Кабаеў, Валерыя Карэліна, Паліна Вайціцкая, Паліна Паўлоўская, Паліна Рогава, а таксама мастак Марыя Зыбо.
Газета «Школьны веснік» стала своеасаблівым летапісам школьнага жыцця. З цягам часу яна дасць прыемную магчымасць будучым выпускнікам ўбачыць сябе на шматлікіх фотаздымках і прыгадаць цікавае школьнае жыццё.
В. МЯЖЭВІЧ ,
педагог дадатковай адукацыі,
кіраўнік прэс-цэнтра «Школьны веснік»
Смальянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна.
