Дзіцячае чытанне – інтэлектуальны рэсурс

Ад таго, што нашы дзеці чытаюць у вольны час, залежыць, наколькі ў іх развіты мастацкі густ, красамоўнае валоданне як рускай, так і роднай беларускай мовай. Менавіта літаратура прызначана развіваць і багаты слоўнікавы запас, і адчуванне прыгожага навокал.

Але рэальнасць не радуе: зніжаецца цікавасць да чытання ў вучняў як малодшага школьнага ўзросту, так і старэйшага. Да вырашэння гэтай праблемы трэба прыцягнуць сям’ю, якая з’яўляецца самым прыярытэтным і галоўным выхавацелем і кіраўніком дзіцячага чытання, бо вельмі важны асабісты прыклад бацькоў. Прывіць любоў да чытання бібліятэкарам намнога цяжэй, калі ў сям’і няма такіх прыярытэтаў. Станаўленне асобы дзіцяці пачынаецца ў дашкольным узросце, таму пачынаць прывіваць любоў да чытання неабходна ўжо ў гэтым узросце. Самае галоўнае – рабіць усё з любоўю і пяшчотай: чытаць невялікія вершы Агніі Барто, Карнея Чукоўскага, Самуіла Маршака, рускія і беларускія народныя казкі – першыя кніжкі ў жыцці маленькага чытача. Далей права выбару “Чытаць ці не?” будзе аддадзена дзіцяці. Задача бацькоў – не застаўляць, а па-добраму падштурхоўваць і натхняць да чытання.

Сёння мы назіраем развіццё электроннай кнігі. Гэта неблага, але ж ніхто не прымяншае ролі друкаваных выданняў. Некаторыя дзеці ахвотна чытаюць класічныя творы на электронных носьбітах. Але паўстае праблема павярхоўнага ўспрыняцця тэксту, на кароткі час, без засяроджвання ўвагі. Чытаюць, таму што задалі па праграме.

Хвалюе і той факт, што дзеці цяпер чытаюць літаратуру нізкай якасці, якая ў апошні час хлынула на кніжныя прылаўкі. Пасля прачытання гэтых “страшылак” у дзіцяці няправільна фарміруюцца катэгорыі дабра і зла, прынцыпы этыкі і маральных зносін. Вельмі важна, каб дарослыя цікавіліся, што чытае ваша дзіця.

М. Бондарава,

загадчыца бібліятэкі

сярэдняй школы №20.

Добавить комментарий