У Лешчы чакаюць дапамогі

Старэйшына Аркадзь Пучкоў са старшынёй Зубаўскага сельсавета Міхаілам Касяковым.

Дарога, што цягнецца стужкай уздоўж палёў ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”, пасля в. Смётанкі прывяла нас у глыбінку – в. Лешча. Старэйшына вёскі Аркадзь Пучкоў сустрэў гасцей з радасцю. Паздароўкаўся са старшынямі Аршанскага раённага і Зубаўскага сельскага Саветаў Станіславам Кошкіным і Міхаілам Касяковым.

– Наша Лешча атрымала сваю назву ад аднайменнай рачушкі. Ляжыць яна на землях агракамбіната “Юбілейны”. У 1998 годзе тут налічвалася 20 двароў і пражывалі 30 жыхароў. Сёння на 16 двароў засталіся 6 састарэлых бабуль і я – самы маладзейшы, – жартуе Аркадзь Яфімавіч, які ўжо размяняў дзявяты дзясятак.

Але старая гвардыя яшчэ не здаецца. Вось і на днях, хоць і сядзелі без вады (здарылася паломка на водаправодзе), але сітуацыю выправілі. Жыхары білі, як кажуць, ва ўсе званы. На трывожныя сігналы адгукнуліся патрэбныя спецыялісты, калонку надоечы адрамантавалі.

Ведае патрэбы сялян і Станіслаў Дзмітрыевіч Кошкін. У гэты дзень старшыня райсавета выклікаў у вёску і камунальнікаў, і дарожнікаў, тэлефанаваў таксама і энергетыкам, і адказным работнікам агракамбіната. Для кожнага з іх знайшлася тут справа. Трэба дасканала адраманта­ваць пабудову, дзе захоўваецца водаправодная помпа, знесці састарэлыя сцены былога свірна, якія зараслі пустазеллем, абкасіць траву, у тым ліку вакол электрычнай падстанцыі, прыбраць вецце, што засталося ля дарогі пасля вырубкі дрэў.

Хоць у кожнага прадпрыемства шмат надзённых спраў, старшыня райсавета ўсё ж прасіў старшыню Зубаўскага сельсавета, а таксама спецыялістаў, якія ў сілах выканаць названыя работы, прывескі зямлю вакол тэрыторыі вёскі ў парадак. Забываць аб гэтым нельга, бо ўвагі да сябе чакаюць састарэлыя людзі, адзначыў С. Кошкін.

Людміла Людміна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий