З захапленнем чакаю купальскай ночы!
Пад кіраўніцтвам Ліліі Паўлаўны Кернажыцкай, вядучага метадыста дзяржаўнай установы «ВіцебскіАМЦНТ», на скрыжаванні трох вёсак – Шо, Івесь, Хралы Псуеўскага сельскага Савета Глыбоцкага раёна – унікальных мясцінах Віцебскага Паазер’я – вось ужо некалькі гадоў праходзіць унікальнае аўтэнтычнае дзеянне свята Купалля.
Абрадавы фальклор, мясцовая культура маюць гісторыка-культурную каштоўнасць і патрабуюць увагі і падтрымкі з боку раённых і абласных дзяржаўных устаноў. З гэтай мэтай возера Шо і было вызначана цэнтральным месцам правядзення абласнога свята абрадавага фальклору “Купалле Паазер’я-2011”, якога я вельмі чакала.
На свяце прысутнічалі шмат фальклорных гуртоў Віцебскай вобласці і госці з Мінска. Сярод іх былі і студэнты БГУ культуры і мастацтва. Народу было шмат. Нават і мясцовыя жыхары вёсак былі з намі ўсю ноч… Дзяўчыны спявалі – гуртамі ці паасобку. А хлопцы з факеламі запальвалі вогнішча… Калі полымя разгарэлася, пачалі вадзіць карагод.
Пасля ад’езду дадому я зразумела, што маё сэрца засталося там, у маляўнічым кутку зямлі. Я мару, што калісьці мне давядзецца вярнуцца ў гэтыя вёскі і зноў акунуцца ў свята Купалля.
А. ПЯТЧАНКА,
удзельніца купальскага абраду.