“АРШАНСКАЙ ГАЗЕЦЕ” – 95 ГАДОЎ

Калектыў рэдакцыі.

Рэвалюцыйны 1917-ы стаў знамянальным не толькі для гісторыі, ён стаў кропкай адліку, годам заснавання сучаснай аб’яднанай “Аршанскай газеты”.

Прыкладна адзін раз у 10 дзён выходзілі ў свет “Известия рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Оршанского района”. З кастрычніка 1918 года газета выдавалася пад назвай “Набат”, рэдактарам быў Іван Казлоўскі (Іван Батрак). З 1921 па 1931 год газета некалькі разоў мяняла назву: “Известия”, “Камуністычны шлях”, “Змычка”. Амаль шэсць дзесяцігоддзяў выданне насіла назву “Ленінскі прызыў”. З 1991 года газета атрымала простую і добра ўспрынятую чытачом назву “Аршанская газета”.

Кірыл Віктаравіч Сувораў кіраваў выданнем з 1961 по 1980 год. За кароткі час ён здолеў падабраць калектыў журналістаў, якія па праву могуць лічыцца залатым фондам. Гэта Тамара Маліноўская, Леанід Сузін, Леанід Высоцкі, Мікола Воранаў, Аляксандр Нічыпарук, Георгій Каралёў, Іван Сідаровіч, Ала Танчэўская, Вера Емельянава, Фёдар Кулакоў, Леанід Кручанкоў, Яфім Пайкін, Яфім Ардзін, Галіна Барташэвіч, Валерый Савіцкі. Віктар Іванавіч Пятрушын працаваў галоўным рэдактарам з 1980 года. У 1995 годзе на пасаду галоўнага рэдактара прыйшла Галіна Васільеўна Ігнаценкава. У 2001 годзе “Аршанскую газету” ўзначаліла Ліна Апанасаўна Гатоўская. Сёлета на гэту пасаду прыйшла маладая журналістка Настасся Аляксандраўна Турок.

У “Аршанскай газеты” багатая гісторыя і добрыя традыцыі. У ёй узгадавана не адно пакаленне журналістаў, якія і цяпер працуюць у рэгіянальных і рэспубліканскіх выданнях. Сёння, як і раней, “Аршанская газета” – кузніца журналісцкіх кадраў. Штогод моладзь нашага горада, якая публікуецца на старонках “МІГа”, паступае ў Інстытут журналістыкі БДУ.

Зараз газета выходзіць тры разы на тыдзень і заўсёды знаходзіцца на вастрыні жыцця, шырока адлюстроўвае вытворча-эканамічную і сацыяльна-культурную праблематыку, малюе партрэт нашага сучасніка.

«Аршанская газета» – гэта сумесная работа ўсяго калектыву, які дружна працуе для таго, каб данесці да чытачоў актуальную і праўдзівую інфармацыю. Сёння рэдакцыя нашай газеты – гэта 6 творчых і 7 тэхнічных супрацоўнікаў.

Амаль 20 тысяч нумароў – сапраўдны летапіс Аршанскага краю, які ствараўся дзясяткамі журналістаў і сотнямі няштатных аўтараў. Пагартайце пажаўцелыя ад часу газетныя падшыўкі – і вы зможаце вярнуцца ў мінулае, аднавіць у памяці даўно забытыя падзеі. А яшчэ вы пераканаецеся, што за кожным радком – карпатлівая, напружаная, але такая цікавая праца. Праца, у якой зліліся ў адно цэлае пройдзеныя шляхі-дарогі, штодзённыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, святы і будні…

Добавить комментарий