“Александрыя збірае сяброў”

Шостага і сёмага ліпеня тысячы беларусаў і гасцей нашай краіны з’ехаліся на маляўнічы бераг Дняпра на свята “Александрыя збірае сяброў”. Грандыёзныя мерапрыемствы праходзяць на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей у трэці раз.

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што яскравых уражанняў гасцям і ўдзельнікам “Купалля-2012” хопіць на год наперад. Падчас народнага і ўсімі любімага свята ў Копысі і Ляўках выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці Аршаншчыны: гэта хор ветэранаў аматарскага аб’яднання “Зямны час”, калектывы “Аршаначка” Антонаўскага СДК, “Родныя напевы” Межаўскага СДК, вакальная група раённага ДК г. п. Арэхаўск, сольныя выканаўцы. Здзівілі непаўторнымі талентамі майстры раённага Дома рамёстваў і Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў г. п. Копысь, якія запрасілі гасцей свята на Віцебскае падвор’е.

На гандлёвых радах таксама было шматлюдна. Удзельнікі свята “Купалле-2012” ахвотна набывалі прадукцыю прадпрыемстваў Аршаншчыны – філіяла “Цяплічны” РУП “Віцебскэнерга”, ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”, ГП “СГЦ “Задняпроўскі”, Аршанскага райпа і іншых.

Якое ж Купалле без традыцыйных вянкоў, варажбы, карагодаў, вялізнага вогнішча? Неба над дняпроўскімі берагамі асвятляла яркае полымя, а ў сэрцы кожнага цепліўся агонь дабрыні. Сапраўды, на свяце кожны знайшоў новых сяброў. Вось і да аршанцаў далучыўся фальклорны калектыў з Расоншчыны.

Марына МАРЫНІНА.

Фота Н. ТУРОК.

Добавить комментарий