З гісторыі вёскі Гародні

Адным са старадаўніх паселішчаў на Аршаншчыне з’яўляецца вёска Гародня, якая знаходзіцца за пяць кіламетраў ад Оршы на паўночны ўсход. Некалі з Оршы ў напрамку вёскі вяла вуліца Гараднянская (цяпер Фрыдрыха Энгельса). Вёска С, хоць людзі з’явіліся ў гэтым прыгожым кутку на высокім правым беразе рэчкі Пачаліцы яшчэ раней, аб чым сведчыць наяўнасць побач з ёю селішча і курганнага могільніка.

Вёска ўваходзіла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У канцы XVIII ст. існавалі і вёска, і шляхецкі маёнтак. У другой палове XIX – пачатку XX ст. маёнтак Машкоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні – уладанне Храстоўскіх. У 1880-я гады тут працавалі млын і карчма. У 1910 го­дзе меўся адзін двор, тры жыхары. Быў пабудаваны спіртзавод.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў былым памешчыцкім доме ў 1919-1920 г. была адкрыта школа, куды аршанскія чыгуначнікі прывозілі дзяцей на асобным цягніку, бо вёска месціцца паміж чыгуначнымі лініямі на Маскву і Санкт-Пецярбург. Пазней тут пачаў працаваць дзіцячы дом для дзяцей, якія згубілі бацькоў у Грамадзянскую вайну. У 1926 годзе ў вёсцы налічвалася 17 двароў і 95 жыхароў.

Вайна і няўмольны час прывялі да таго, што ад былой памешчыцкай сядзібы не засталося і следу, зруйнаваны ў апошнія дзесяцігоддзі і бровар.

На жаль, скарачалася і насельніцтва: у 1959 г. было 110 жыхароў, у 1998 – 14 гаспадарак і 26 жыхароў, у 2018 г. – сем гаспадарак і 10 жыхароў. У вёсцы цяпер дзве вуліцы – Цэнтральная і Зарэчная.

Старажыламі вёскі з’ўлялася сям’я Пашкевічаў. Садоўнікам ў памешчыкаў Храстоўскіх працаваў Пашкевіч Сцяпан. Яго сын Уладзімір вывучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках на агранома, перад Вялікай Айчыннай вайной працаваў галоўным аграномам Аршанскай МТС. Ажаніўся з Браніславай Грамыка, старэйшай сястрой Віктара Грамыкі, будучага народнага мастака Беларусі. Пашкевіч Уладзімір удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, у Чырвонай арміі даслужыўся да палкоўніка. Пасля заканчэння вайсковай службы вярнуўся ў родную вёску, пабудаваў ладны дом, выгадаваў траіх дзяцей, даў ім вышэйшую адукацыю. Цяпер у доме гаспадарыць яго малодшая дачка Наталля Сянькоўская. У яе сямейным архіве захоўваюцца шматлікія фотаздымкі 1920-1980 гадоў, а таксама лісты, якія дасылалі з франтоў Вялікай Айчыннай вайны яе дзед Грамыка А. П. і бацька Пашкевіч У. С. З гэтымі цікавымі артэфактамі мяркую ў хуткім часе пазнаёміць чытачоў «Аршанскай газеты».

Трэба таксама ўзгадаць, што вёска ўвайшла ў гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва.

В. Грамыка ў кнізе мемуараў «За воблакамі – сонца» ўзгадвае:

– Летнюю практыку пятага курса (1958 год) я правёў у роднай мне Гародні, дзе твары многіх жыхароў мілай майму сэрцу вёскі перакачавалі ў мае эцюды як кандыдаты для вобразаў будучай карціны (яго дыпломнай работы «Дарогамі мсціўцаў» – В. Л.). Там я напісаў і эцюд майго бацькі ў поўны рост з двухстволкай на плячы, з паляўнічай торбай паверх ватоўкі, у тых кірзавых ботах, у якіх ён і прыйшоў дамоў пасля вайны.

Цяпер гэтая карціна захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

В. ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык АДМЭК, краязнавец.