“ЗАЛАТЫ ЧАС”

Так характарызуюць сёлетнюю ўборачную кампанію хлебаробы Аршаншчыны, бо зараз для іх і сапраўды кожная хвіліна на вагу золата, ды і жытнёвыя палі пераліваюцца сонечным колерам, а само зерне нібы залатыя медальёны. Збіраць ураджай – справа адказная, пачэсная, і ў той жа час складаная. У СХФ “Браздетчына” філіял ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” робяць усё магчымае, каб у аптымальна сціслыя тэрміны і якасна ўбраць хлеб з палёў – 525 гектараў.

Па стане на 30 ліпеня тут намалочана 50 працэнтаў збожжа ад агульнай плошчы пры ўраджайнасці 51 цэнтнер з гектара. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне і вобласці. На жніве працуюць чатыры экіпажы камбайнераў, задзейнічаны 8 адзінак тэхнікі. Экіпаж у складзе Васіля Мураў’ёва і яго памочніка Міхаіла Якіменкі (на здымку) сёлета працуе на новенькім КЗС-1218. “Па-першае, надвор’е нам спрыяе, па-другое, тэхніка не падводзіць, харчаванне заўсёды смачнае і сытнае, а хлеб вырас у гэтым годзе проста цудоўны!”, – з задавальненнем дзеляцца сваім сакрэтам поспеху хлебаробы. Не адстае ад вопытных механізатараў і моладзь. Экіпаж маладых камбайнераў у складзе Арцёма Якіменкі і Віктара Фомчанкі за дзень стараюцца намалочваць не менш, чым астатнія. Аператыўна працуюць у гэтыя гарачыя дзянькі і вадзіцелі гаспадаркі “Браз­дзетчына”, занятыя на адвозцы зерня: Аляксандр Кавалькоў, Андрэй Шудроў, Сяргей Шатавіцкі, Уладзімір Камінскі, Ігар Фарына. Зладжана ідзе работа і ля сушыльнага комплексу. На ўборцы плошчы ад зерня заняты таксама маладыя. Справа ў іх ідзе хутка, ды і настрой ва ўсіх бадзёры, працоўны. Рома Максак, Ганна Магер, Ганна Якубенка, Антон Шудроў і брыгадзір паляводчай брыгады Станіслаў Сямёхін (на здымку ўнізе) з усёй адказнасцю выконваюць даручаную справу. Дзяўчаты ўжо другое лета запар працуюць падчас жніва ў мясцовай гаспадарцы. Лічаць, што такая практыка прыносіць толькі карысць: і “капейку” можна зарабіць на ўласныя пакупкі, і дарослым сябе адчуць, і, што самае каштоўнае, назапасіць пэўны вопыт, правесці летні адпачынак з карысцю. Рома Максак увогуле ўпершыню ўладкаваўся памочнікам на жнівеньскую працу ў СХФ “Браздзетчына”. Гэту ідэю яму падказаў бацька, але хлопчык ніколькі не шкадуе, што зараз дапамагае хлебаробам, бо лічыць, што любая праца пачэсная.

Кіраўнік гаспадаркі Валерый Савіцкі і галоўны аграном Аляксандр Віктарэнка спадзяюцца, што ўборачная кампанія пройдзе паспяхова, і ў агульны каравай Аршаншчыны СХФ “Браздзетчына” зможа ўнесці свой важкі ўклад.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий