Адказныя, прыгожыя, крэатыўныя

18 снежня спаўняецца 95 гадоў з дня заснавання ў Беларусі органаў, рэгіструючых акты грамадзянскага стану. Для калектыву аддзела загс Аршанскага гарвыканкама, які працуе пад кіраўніцтвам начальніка Зоі Леанідаўны Хурбатавай, – гэта прафесійнае свята і час падвядзення вынікаў.

Будынак Аршанскага заг­са – адзін з самых прыгожых у горадзе. Ён размешчаны ў помніку архітэктуры XVIII стагоддзя – манастыры базыльян.

Моцныя сцены, галерэйная сістэма планіроўкі, шырокія лесвіца, парадныя залы старога будынка з сучаснай аддзелкай і прыгожым інтэр’ерам надаюць загсу асаблівую веліч. Маладыя з задавальненнем згаджаюцца зарэгістраваць тут свой шлюб, потым ідуць сюды за пасведчаннямі аб нараджэнні дзяцей, спраўляюць юбілейныя вяселлі.

Ёсць у гэтай установы, безумоўна, і другі бок дзейнасці. Ён звязаны з выдачай даведак і рэгістрацыяй смерці.

– У гэтай сувязі на працаўніках загса ляжыць адказнасць. Адначасова трэба адным людзям дапамагчы ў цяжкую хвіліну, другім – не сапсаваць радасны настрой, – расказвае Зоя Леа­нідаўна.

Трэба адзначыць, што калектыў гэтай установы са сваімі задачамі спраўляецца. Вось і сёлета тут было зарэгістравана 1200 нараджэнняў, 1600 смерцей, 1100 шлюбаў, 190 устанаўленняў бацькоўства, 7 усынаўленняў, больш за 40 змен прозвішчаў. Па зваротам грамадзян выдадзена каля 12 тысяч даведак аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. 11 сем’яў у 2012 годзе зарэгістравалі нара­джэнне сваіх дзяцей ва ўрачыстай абстаноўцы, шэсць сем’яў адсвяткавалі сярэбраныя і залатыя вяселлі. Вялікую ўвагу ў аддзеле надаюць інфармацыйнай і прававой дзейнасці ў вобласці шлюбна-сямейных адносін для насельніцтва. З гэтай мэтай правялі дзень адчыненых дзвярэй, пяць “тэлефонных прамых ліній”, у час якіх адказвалі на пытанні грамадзян. Усе юрыдычныя кансультацыі працаўнікі загса даюць бясплатна.

За афіцыйнымі лічбамі хаваецца вялізны аб’ём карпатлівай работы спецыялістаў, у якой ёсць свая спецыфіка. Па-першае, гэта значнасць выдаваемых дакументаў, якія не дапускаюць права на памылкі. Па-другое, забеспячэнне дакладнага захавання законнасці, ахова дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, маёмасных і іншых праў грамадзян. А яшчэ творчы падыход да правядзення вясельных абрадаў, якія спецыялісты загса імкнуцца разнастаіць і ўдасканальваць. Усе яны не проста юрыдычныя служачыя, але яшчэ і тонкія псіхолагі, культработнікі, статыстыкі. Напрыклад, па іх назіраннях, у апошнія гады многія маладыя бацькі выбіраюць імёны для сваіх дзяцей згодна з царкоўным календаром, прытрымліваюцца народных павер’яў і мала шлюбаў рэгіструюць у маі. Расце колькасць шлюбаў з замежнымі грамадзянамі з краін СНД, Прыбалтыкі, Германіі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Амерыкі, Аўстраліі і г. д. Таксама з кожным годам павялічваецца колькасць рэгістрацый сярэбраных і залатых вяселляў, якія муж і жонка спраўляюць не толькі для сябе, але і з мэтай выхавання сваіх дзяцей і ўнукаў, каб падаць ім добры прыклад сямейных адносін.

– Напярэдадні 95-годдзя з дня заснавання ў Беларусі органаў, рэгіструючых акты грамадзянскага стану, – сказала Зоя Леанідаўна, – я ад душы хацела б павіншаваць спецыялістаў аддзела са святам і падзякаваць за добрасумленную працу, пажадаць ім добрага здароўя, дабрабыту, шчасця і поспехаў у жыцці.

Людміла ЛЮДМІНА.

На здымку: (злева направа) справавод Алёна Тамашэнка, начальнік аддзела загс Аршанскага гарвыканкама Зоя Хурбатава, галоўны спецыяліст Алеся Ткачова, спецыяліст Наталля Жураўская, тэхнічны работнік Наталля Гнаявая.

Фота аўтара.

Добавить комментарий