СУСТРЭЧА МІНУЛАГА З СУЧАСНАСЦЮ

Незвычайная выстава працуе зараз у музеі гісторыі і культуры горада Оршы. Тут упершыню можна ўбачыць апошнія паступленні з фондавых збораў музейнага комплексу. На выставе “Тайна прадмета” ёсць на што паглядзець і чаму здзівіцца. У жыхароў і гасцей горада на Дняпры з’явілася ўнікальная магчымасць дакрануцца да гісторыі, убачыць сапраўдных яе сведак – прадметы і дакументы, якія адлюстроўваюць шматвяковую гісторыю Оршы, расказваюць пра гераічныя падзеі, знакамітых людзей нашага краю.

Падчас адкрыцця выставы настроіцца на лірычны лад, стварыць святочную атмасферу дапамог ансамбль флейтыстаў “Сірынкс” СШ №8 пад кіраўніцтвам Наталлі Віктараўны Жалезняковай (на здымку). Потым слова ўзялі музейныя супрацоўнікі. Госці выставы даведаліся, якія рэдкія экспанаты з’явіліся ў фондах музейнага комплексу. Згадзіцеся, не кожнаму пашчасціць убачыць французскі збан часоў Айчыннай вайны 1812 года. Хто ведае, можа сам імператар Напалеон забыў яго, калі адступаў з горада. Вялікую зацікаўленнасць наведвальнікаў выставы выклікаюць унікальныя дакументы: Маніфест 1861 года аб адмене прыгоннага права ў арыгінале і пашпарт сялянкі Мальвіны Ігнацьевай пачатку ХХ ст. На адкрыцці выставы госці змаглі на імгненне перанесціся ў мінулае – канец ХІХ ст. – з дапамогай бою гадзінніка, якому ўжо больш за сто гадоў.

Спакон вякоў жанчыны імкнуліся падкрэсліць сваё прыроднае хараство рознымі ўпрыгажэннямі. На выставе “Тайна прадмета” можна ўбачыць амулет-лунніцу, якая датавана Х-ХІІ ст. Дарэчы, да гэтага часу ідэнтычных экспанатаў у музейным комплексе, на жаль, не было. Значна папоўнілася калекцыя грашовых знакаў. Наведвальнікі выставы “Тайна прадмета” могуць паглядзець на манеты Расійскай імперыі і сучасныя памятныя манеты.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №24 за 2 марта 2013 года).

 Марина СЕМаШКО.

Добавить комментарий