Пісаць для дзяцей – пачэсная справа

“Мы, дарослыя, самі б зноў пайшлі ў першы клас, каб вучыцца па вашых цудоўных кнігах”, – з такімі словамі дырэктар Аршанскай ЦБС Святлана Жвікава звярнулася да Галіны і Сяргея Трафімавых (на здымку) падчас творчай сустрэчы ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Зусім нядаўна нашы землякі, вядомыя дзіцячыя пісьменнікі, якія займаюцца надзвычай цікавай і пачэснай справай, атрымалі высокую ўзнагароду. Галіна Уладзіміраўна і Сяргей Анатольевіч сталі лаўрэатамі першай абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі ў намінацыі “Літаратура для дзяцей”. Дарэчы, гэта далёка не першая ўзнагарода ў капілцы дасягненняў таленавітых пісьменнікаў.

Журы высока ацаніла адразу некалькі выданняў: “Букварь Оршанский”, “В мире зеленых чудес”, “Они не должны исчезнуть”, “Яичные загадки и “разгадки”, “Почемучкам о слезинках”, “Отчего небо голубое, а море синее?”, “Оранжевое диво”. Маленькія чытачы, дарэчы, самыя патрабавальныя, непадкупныя і зацікаўленыя, з вялікім нецярпеннем чакаюць кожную новую кнігу аршанскіх пісьменнікаў. Галіна і Сяргей Трафімавы на старонках сваіх выданняў запрашаюць “чамучак” павандра­ваць па нашай планеце, сустрэцца з цудамі. Майстры слова дапамаглі беларускім школьнікам зрабіць шмат адкрыццяў, разгадаць не адну загадку, бо кожная кніга, напісаная жывой і зразумелай мовай, – гэта дзясяткі пытанняў і адказаў на іх. З-пад пяра нашых землякоў выйшла звыш за 130 прац, агульны тыраж выданняў складае больш за 1 мільён экземпляраў.

Мінулай восенню кожнага першакласніка чакаў выдатны падарунак: першага верасня, у Дзень ведаў, самыя юныя жыхары школьнай краіны атрымалі “Букварь Оршанский”, які выйшаў напярэдадні юбілею горада. Як зазначаюць самі аўтары, падчас працы над гэтай кнігай яны ўпершыню звярнуліся да гістарычнай тэмы. Сёлета “Букварь Оршанский” будзе перавыдадзены ў сувязі з аб’яднаннем горада і раёна. Галіна і Сяргей Трафімавы запросяць малых чытачоў у вандроўку па нашай малой Радзіме, раскажуць пра слаўнае мінулае і дзень сённяшні Копысі, Смальян і іншых куткоў Аршанскага краю. Зараз дзяўчынкі і хлопчыкі, навучэнцы школ Оршы, малююць ілюстрацыі, лепшыя з іх трапяць на старонкі гэтага цікавага падручніка.

Сёння на рабочым стале Галіны Уладзіміраўны і Сяргея Анатольевіча можна ўбачыць адразу некалькі будучых кніг. Дзеткі вельмі палюбілі апавяданні Дзеда Прыродаведа, які раскрывае новыя і новыя таямніцы прыроды і з якім нават можна пагуляць у займальныя гульні. Зараз аршанскія пісьменнікі рупліва працуюць над новымі кнігамі з гэтай знакамітай і вельмі папулярнай серыі: “Про зубки, зубы и зубищи”, “Ну, и червячки”. Ідэя апошняй нарадзілася пасля прагляду фільма “Дрожь земли”. Пісьменнікі зацікавіліся, ці бываюць на самой справе такія гіганцкія чарвякі. Адказ на гэтае пытанне дапаможа знайсці мудры экскурсавод Дзед Прыродавед.

Пісьменнікі Галіна і Сяргей Трафімавы заўсёды рады сустрэцца са сваімі чытачамі як на старонках займальных кніг, так і ў бібліятэках і школах. На мерапрыемства ў бібліятэку А. С. Пушкіна прыйшло шмат гасцей: гэта прадстаўнікі Аршанскага райвыканкама, навучэнцы і педагогі школ Оршы, супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы, юныя артысты, прыхільнікі таленту нашых землякоў. Цёплыя словы віншаванняў, якія гучалі ў адрас лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі, ішлі сапраўды ад душы. Недарэмна ка­жуць: добрыя справы заўжды вяртаюцца бумерангам да тых, хто іх робіць. Гэтага прынцыпу прытрымліваюцца і Галіна Уладзіміраўна і Сяргей Анатольевіч. Сапраўдныя педагогі, надзеленыя талентам ад Бога, яны насамрэч аддалі сэрцы дзецям, цалкам прысвяцілі сябе пачэснай справе сеяць разумнае, добрае, вечнае. Грашовае ўзнагароджанне, якое пісьменнікі-землякі атрымалі разам з прэміяй, Трафімавы вырашылі патраціць на добрыя справы. Цяпер у кожнай школьнай бібліятэцы можна знайсці кнігі серыі “Рассказы Деда Природоведа” – падарунак аўтараў. Другую частку перавялі ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе працуе Сяргей Трафімаў.

Няхай ваша пяро, Сяргей Анатольевіч і Галіна Уладзіміраўна, заўсёды будзе вострым. Новых творчых дасягненняў і перамог!

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий