ДЗЕ АДШУКАЦЬ АТЛАНТЫДУ?

Адказ на гэтае няпростае пытанне людзі спрабуюць знайсці шмат гадоў. Зараз жа ў аршанцаў ёсць добрая магчымасць паспрабаваць раскрыць таямніцу. Трымаем накірунак на Аршанскую гарадскую мастацкую галерэю В. Грамыкі. Менавіта тут праходзіць выстава “У пошуках Атлантыды”.

Прадстаўленыя палотны – гэта плён працы многіх беларускіх мастакоў падчас пленэру ў Межаве мінулым летам. Дарэчы, праект “У пошуках Атлантыды” існуе з 2005 года. Сапраўдныя яго бацькі – дзве палачанкі: паэтка Лера Сом і мастачка Кацярына Мяснікова.

Беларусь і Атлантыда – адкуль з’явілася такая паралель? Сімвалічны вобраз Атлантыды нагадвае нам, што многія рэчы могуць зысці ў нябыт і нашыя нашчадкі ніколі не змогуць з замілаваннем пазіраць на велічныя замкі і цэрквы, дакрануцца да шматлікіх матэрыяльных і духоўных помнікаў… Таму нельга з пагардай адносіцца да таго, што мы маем, чым павінны ганарыцца. Бо пакуль мы с асалодай глядзім на лірычныя краявіды, старыя хаты, сядзібы ці бажніцы, на іх не ляжа цень цемры, якая ахутвае Атлантыду. Некаторыя скептыкі скажуць: час няўмольна спяшаецца наперад, пра многія рэчы праз стагоддзе-другое застануцца толькі міфы. Але ніхто не стане аспрэчваць, што пакуль мастакі пераносяць на палотны храмы, архітэктурныя помнікі ці куткі некранутай прыроды, у нашчадкаў заўсёды будзе багатая спадчына.

У царкве святога Серафіма Сароўскага ў Межаве служыць айцец Аляксандр, ад якого арганізатары праекта і даведаліся пра гэты цудоўны куток Аршаншчыны. Гэтым краем нельга не замілавацца: тут прываблівае вока своеасаблівы краявід, цікавая архітэктурная спадчына сведчыць аб багатым летапісе Межава. Прываблівае і гасціннасць жыхароў.

Цэлы тыдзень рупліва шчыравалі беларускія мастакі ў Межаве. Зараз вынік іх натхнёнай карпатлівай працы могуць убачыць усе жыхары і госці горада над Дняпром. У Аршанскай мастацкай галерэі прадстаўлены работы віцебскіх аўтараў Святланы Баранкоўскай, Інгі Карашкевіч, Аляксея Ліцвіна, навапалачаніна Сяргея Рабцэвіча, сталічных мастакоў Наталлі Белавокавай, Юліі Гайдуковай, Васіля і Машы Пешкуноў, Івана Семілетава, Кацярыны Сумаравай, прадстаўніка Шаркаўшчыны Яўгена Ліпскага, а таксама Кацярыны Ляўковай з Рагачова і Валерыя Шчаснага з Верхнедзвінска. Далучыліся да пленэру Мікалай Таранда і Аляксандр Ермалаеў.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №60 за 30 мая 2013 года).

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *