З КНІГАЙ – ДА НОВЫХ ВЯРШЫНЬ

“Людзі перастаюць мысліць, калі перастаюць чытаць”, – казаў французскі пісьменнік Дэні Дзідро. Гэту простую ісціну ніколі не забываюць супрацоўнікі Аршанскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Крэатыўныя бібліятэкары, багаты фонд, цікавыя мерапрыемствы, незвычайныя акцыі, несумненна, ствараюць добры імідж кніжных храмаў горада. Выдатную працу высока ацэньваюць не толькі ў нашым рэгіёне. На другім, рэспубліканскім этапе штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прысуджана трэцяя прэмія ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.

Прыемна зазначыць, што сёлета на абласным узроўні наша ЦБС стала лідарам. Гэта не першая перамога на абласным этапе конкурсу. У 2010 годзе аршанскія бібліятэкары таксама сталі першымі на Віцебшчыне. Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы творча падыходзяць да любімай справы, і ў гэтым сакрэт іх поспеху. Мінулы год для захавальнікаў кніжнага багацця стаў сапраўды знамянальным: у Год кнігі бібліятэка імя Пушкіна запрасіла чытачоў у адрамантаваны будынак.

Шмат адкрыццяў чакае тых, хто вырашыў адправіцца ў вандроўку па кніжным царстве. Не заблукаць на яго бязмежнай прасторы дапамогуць экскурсаводы-бібліятэкары. Наадварот, яны прапануюць вам мноства цікавых акцый-“маршрутаў”. Палюбіўся аршанцам сумесны радыёпраект “У тыдзень па кнізе!”. У Год кнігі і з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа на самых папулярных гарадскіх аўтобусных маршрутах гучалі вершы беларускіх песняроў.

Вялікай папулярнасцю ў аршанцаў карыстаецца “Нясумны вечар у бібліятэцы”, які летась адбыўся ў другі раз. Запомніліся жыхарам рэгіёна і культурна-забаўляльныя праекты, якія праводзяцца падчас дзяржаўных свят. Назва аднаго з іх – “Орша – горад чытаючы” – сведчыць: і малыя, і дарослыя аршанцы сябруюць з кнігай. Нашыя бібліятэкі сапраўды з’яўляюцца асяродкам нацыянальнай культуры. У Дзень роднай мовы ва ўсіх філіялах гучыць меладычнае беларускае слова. Не пералічыць, колькі сустрэч, літаратурных вечарын адбылося ў Аршанскай ЦБС.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №62 за 1 июня 2013 года).

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий