Пад гукі выпускнога балю

Вось ён, доўгачаканы момант! Па-за школьнай мяжой засталіся ўсе хваляванні пра ўрокі, кантрольныя і экзамены. Не трэба больш вучыць тэарэмы, пісаць сачыненні “Як я правёў лета”, рыхтаваць рэфераты.

У аўторак і сераду ўсе выпускнікі Аршаншчыны перагарнулі адну з самых важных старонак у сваім жыцці. Пад гукі школьнага балю яны назаўсёды развіталіся з дзяцінствам. 11 чэрвеня 13 юнакоў і дзяўчат (сярод якіх два медалісты) з сярэдняй школы №10 атрымалі атэстаты сталасці.

На ўрачыстым вечары для іх гучалі наказы і пажаданні ад педагогаў з годнасцю несці ганаровае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, заставацца вернымі абранай прафесіі, не растраціць лепшыя чалавечыя якасці, не забываць родную школу і настаўнікаў.

І толькі бацькі выпускнікоў ціхенька змахвалі слязінкі з вачэй, узгадваючы, як іх сыны і дочкі нібы толькі ўчора пайшлі ў першы клас. Але час бяжыць вельмі хутка. І вось яны, прыгожыя і дарослыя, робяць свае першыя крокі ў новае жыццё. Поспехаў вам! Хай птушка шчасця будзе заўсёды побач з вамі!

Настасся ТУРОК.

Добавить комментарий