БЛІЗКІЯ СЭРЦУ МЯСЦІНЫ

Каля вёскі Люціны ёсць невялікі лясок – Доўгі. А праз поле яшчэ адзін – Панскі (назва засталася ад пана, якому ён некалі належаў). За шашой знаходзіцца яшчэ лясок, які жыхары называюць Аэрадром. Да вайны каля яго і сапраўды быў аэрадром, зараз там калгаснае поле.

Ішлі гады. Калгас імя Дзяржынскага набіраў моц і быў лепшы ў раёне. Шмат чаго для гэтага зрабілі старшыні калгаса, у іх ліку і Яраслаў Іванавіч Баравы. У цэнтры гаспадаркі з’явіліся Дом жывёлавода, майстэрні, новая лазня, магазін, кантора, будаваўся спартыўны комплекс. Выраслі тры новыя вуліцы калгасных дамоў, былі прыве-дзены ў парадак дарогі, вуліцы. Ва ўсім гэтым была немалая заслуга сакратара партарганізацыі Мікалая Мікалаевіча Сяркова. Больш за 20 жыхароў з Люцін атрымалі ў тыя гады новыя калгасныя кватэры. Многія жывуць там і цяпер. Па звестках сельскага Савета, на 1.01.1998 года ў в. Люціны налічваліся 33 двары і 61 жыхар.

А зараз хочацца крыху расказаць аб тых лю-дзях, якія жылі і жывуць на маёй малой Радзіме або побач з ёй. Трэба адзначыць, што ў вёсцы адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў – гэта Рашчынскія. Праз кожныя 2-3 хаты жыла сям’я з такім прозвішчам. Хтосьці з іх – родзічы, некаторыя – з аднолькавым прозвішчам. Але мне здаецца, што ў далёкім мінулым гэта быў адзін вялікі род Рашчынскіх. 17 юнакоў з такім прозвішчам загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Жылі ў вёсцы таксама гаспадары з вельмі знакамітымі прозвішчамі ў свеце – гэта дзве сям’і Суворавых, тры сям’і Македонскіх, шэсць Багалюбскіх. Жыла ў нас і сям’я Акулавых, гаспадар Макар Фаміч загінуў на фронце, сям’я пасля вайны пераехала ў Оршу. І, хто ведае, магчыма, гэтыя Акулавы былі далёкімі родзічамі знакамітаму Гераську Акулаву з-пад Дуброўна – разбяру, які ў 1658-1666 гадах аздабляў Зброевую палату ў Крамлі, працаваў над іканастасам царквы Пятра і Паўла ў Маскве.

Менавіта на старэйшае пакаленне маіх землякоў лёг ўвесь цяжар пасляваеннага часу. Яны ад зары да зары працавалі на родных палетках. У памяці засталіся імёны брыгадзіраў – Таццяны Прылепа, Пятра Міхайлава, Андрэя Прылепа; механізатараў – Давыда Бардухаева, Андрэя Шынкарова, Якава Рашчынскага; паляводаў – Юліі Кандраценка, Арыны Шасцярнёвай, Марыны Даніленка, Маланні Свіршчовай, Фядоры Міхайлавай; звеннявых па льну – Марыі Бярозкінай, Фядоры Рашчынскай і многіх іншых.

Я помню нашых дзедаў-доўгажыхароў – гэта Аўмен, Ермалай, Рыгор і Трафім. Вось у дзеда Ермалая, які пражыў больш за 100 гадоў, было шмат дачок. Тры з іх атрымалі ў той час вышэйшую адукацыю: Каця займала адказную пасаду ў Магілёўскім аблвыканкаме, Ганна працавала ў пракуратуры г. Мінска, а Маня была настаўніцай.

Іван Халецкі служыў на Ваенна-марскім флоце, быў афіцэрам. Любоў Халісава ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай у Зубрэвіцкай і Балбасаўскай школах. Мікалай Рашчынскі заўсёды працаваў у калгасе шафёрам.

У час вайны ў вёсцы з’явілася жанчына з трыма малымі дзецьмі, ды так і засталася жыць. Сыны выраслі, Аляксандр абсталяваўся ў Оршы, Вячаслаў і Анатоль Шалыпіны ўвесь час працавалі ў калгасе механізатарамі. Вячаслаў быў механікам трактарнай брыгады, дэпутатам сельскага Савета.

Па-рознаму склалася жыццё і ў маіх равеснікаў. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю. Надзея Шасцярнёва і Соф’я Прылепа працавалі ў Расіі, зараз там і жывуць, Ніна Рашчынская, Канстанцін Багалюбскі, Антаніна Багалюбская – у Оршы. Сяргей Шынкароў закончыў Горыцкую акадэмію, працаваў інжынерам у родным калгасе, затым быў старшынёй калгаса імя Кутузава, яго старэйшы брат Мікалай – механізатарам, брыгадзірам трактарнай брыгады. У 1960 годзе атрымаў узнагароды – ордэн Леніна і Героя Сацыялістычнай Працы. Многія пасля заканчэння тэхнікумаў уладкаваліся ў Оршы. Марыя Сокалава была адной з лепшых ткачых Аршанскага льнокамбіната. Валянціна Васількова працавала касірам у калгасе, а затым была пераведзена ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі. У бухгалтэрыі роднага калгаса адпрацавалі Лідзія Каліноўская і Надзея Бондарава, шафёрам – Іван Крукаў, даяркамі – Паліна Абухоўская, Ніна Войтава, Таццяна Шчэрба і іншыя.

На сёння, на вялікі жаль, старая вёска за рэчкай апусцела, там не засталося ніводнага жыхара, толькі рэдкія, адзінокія хаты стаяць як успамін пра тое, што тут калісьці жылі людзі і кіпела жыццё. У пачатаку 2012 года тут налічваліся 16 двароў і 41 жыхар.

Сярод тых, хто тут нарадзіўся і пражыў усё жыццё, – Юлія Кандраценка (87 гадоў), Вольга Булаўкіна (83 гады), Мікалай Рашчынскі з жонкай, яго сын, таксама Мікалай, з сям’ёй. Астатнія – прыезджыя з другіх мясцін.

Праўда, пасля выхаду на заслужаны адпачынак у вёску з Оршы вярнулася Лідзія Шасцярнёва, Валянціна Васількова і Мікалай Бабіч. Усе яны жывуць у бацькоўскіх хатах.

Вельмі горка, што пасёлак паступова вымірае, знікае мая вёска і былы цэнтр в. Магераўка. Але пакуль тут ёсць людзі, яе наведваюць, прыязд-жаюць дзеці да родных у госці, на дачу, а хто і на могілкі. Дарэчы, сельскі пагост ніколі не быў агароджаны, могілкі знаходзяцца за рэчкай на вялікім узвышшы. Раней па дарозе да іх цераз рэчку быў брод, таму можна было праехаць на калёсах, машыне або трактары. Зараз гэта месца аблюбавалі бабры, нарабілі “хатак”, павалілі вярбу і замест броду атрымаўся вір. Вельмі патрэбен мост, бо, каб пахаваць нябожчыка, трэба пераадолець значны шлях.

Расказаць пра ўсё, чым жыве мая вёсачка і хто ў ёй жыве, немагчыма. Таму я напісала толькі пра самае галоўнае. Але вельмі шкада, што шмат з тых далёкіх часоў ужо назаўсёды страчана – сказаліся і ліхалецці вайны, і сам час, ды і, не сакрэт, абыякавасць да гістарычнай спадчыны тых, ад каго непасрэдна залежала і залежыць яе захаванне.

В. КАПЧЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий