Збожжа золатам іскрыцца

Каласы жыта наліліся “золатам”, а на палі, нібы караблі адправіліся ў далёкае спадарожжа, выйшлі камбайны. Упершыню за апошнія дзесяць гадоў уборачная кампанія на Аршаншчыне пачалася на дзесяць дзён раней звычайнага – 14 ліпеня.

Традыцыйна, старт жніву дае раённае свята “Зажынкі”, на якое збіраюцца калектывы гаспадарак, лепшыя механізатары, аграномы і ўсе, хто задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю. Сёлета яно праводзілася на палетках СВК “Купалаўскі” ля вёсцы Люціны. Павіншаваць хлебаробаў Аршаншчыны з пачаткам жніва і падзякаваць за аператыўную работу падчас веснавых палявых работ, нарыхтоўкі кармоў прыехалі першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі, старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Лісоўскі, дырэктар цэнтра кансультавання і аграрнай рэформы Магілёўскага аблсельгасхарчу, кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі.

Пачэснае права падняць сцяг жніва было прадастаўлена лепшым працаўнікам раёна: камбайнеру СВК “Купалаўскі” Вячаславу Конышка, які ў мінулым годзе намалаціў 3,515 тоны зерня, і камбайнеру ААТ “Аршанскі райаграсервіс” Сяргею Лісянкову, які намалаціў 1,698 тоны зерня.

Звяртаючыся да працаўнікоў сяла, старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Дзедушкін зазначыў, што сёння перад раёнам стаіць адказная задача – убраць не менш 100 тысяч тон зерня. А дзеля гэтага хлебаробы павінны выкарыстоўваць кожную хвіліну рацыянальна, каб засекі Аршаншчыны былі да краёў напоўнены збожжам:

– Такое спякотнае надвор’е, што ўсталявалася ў апошнія дні, дадзена нам Богам, каб мы з вамі змаглі аператыўна, а галоўнае, якасна правесці ўборачную кампанію. Сёння вы, лепшыя механізатары Аршаншчыны, якія, я ўпэўнены, – натхніў на плённую працу Уладзімір Міхайлавіч, – абавязкова прадэманструеце выдатныя вынікі пад час уборкі хлеба і зможаце пазмагацца за званне лепшых камбайнераў вобласці, каб у верасні адправіцца на “Дажынкі” ў Ліду.

Старшыня райвыканкама таксама павіншаваў пераможцаў раённага спаборніцтва сярод механізатараў на веснавой сяўбе і ўручыў ім разам са старшынёй прафсаюза работнікаў АПК В. Мурашкам граматы Аршанскай раённай арганізацыі прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Гэта трактарысты-машыністы СВК “Купалаўскі” Віктар Котаў, сельскагаспадарчага філіяла “Браздзетчына” ААТ “Аршанскі малочны камбінат” Аляксандр Юхнавец, дзяржаўнага прадпрыемства “Межава” Аляксандр Пахоменка, РСУП “СГЦ “Задняпроўскі” Аляксандр Шмур’еў, ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксандр Сямёнаў і СВК “Задроўе” Алег Альхіменка.

Хлебаробаў Аршаншчыны вітаў і першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Ула-дзімір Навацкі:

– Для вас наступіў перыяд, калі кожны хлебароб павінен адчуць, дзеля чаго ён працаваў увесь год. Аршанцы на працягу многіх гадоў упэўнена ідуць да высокага ўраджаю. Укладзена шмат сродкаў, каб сёння раён быў аснашчаны новай сучаснай тэхнікай, забяспечаны ў поўнай меры гаруча-змазачнымі матэрыяламі, вялікая ўвага надавалася і падрыхтоўцы кадраў. А зараз самае галоўнае: убраць хлеб у максімальна сціслыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі. А дзеля гэтага павінна быть высокая арганізацыя працы, пачуццё адказнасці кожнага працаўніка сяла і кіраўніка любога ўзроўню. Упэўнены, мы разам зможам дасягнуць высокіх паказчыкаў і стаць першымі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Свае пажаданні поспехаў і перамогі ў гарачай уборачнай кампаніі перадаў ад жыхароў Оршы і старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Лісоўскі, які запэўніў, што, як заўсёды, гараджане будуць аказваць хлебаробам раёна дапамогу ў сельскагаспадарчай дзейнасці і ва ўборцы ўраджаю.

… І вось наступіў самы важны момант свята. Старшыня райвыканкама Уладзімір Дзедушкін пераступае праз сноп мінулага ўраджаю дзеля таго, каб новы быў багаты, а Аршанская зямля з кожны годам радавала лепшымі дасягненнямі ў хлебаробнай галіне. Першы зажыначны сноп і каравай новага ўраджаю Уладзіміру Міхайлавічу ўручыў лепшы камбайнер Аршаншчыны, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Міхайлавіч Конышка. Духмяныя караваі з рук старшыні райвыканкама ў гэты дзень атрымалі пачэсныя госці і кожны хлебароб. Перад выхадам у поле дырэктар цэнтра кансультавання і аграрнай рэформы Магілёўскага аблсельгасхарчу, кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі правёў з механізатарамі вучобу-інструктаж па эксплуатацыі тэхнікі і максімальным выкарыстанні ўсіх рэсурсаў для якаснай уборкі ўраджаю. Благаславенне на напружаную працу ўдзельнікі зажынак атрымалі ад благачыннага другой Аршанскай акругі айца Сергія.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий