Табе, мой родны горад…

Уладзімір Міхайлавіч Жытноў даўно пакарыў аршанцаў сваім талентам мастака. Але мала хто ведае, што наш зямляк яшчэ і паэт, а не так даўно Уладзімір Міхайлавіч выступіў у ролі спевака: з дапамогай песні праславіў наш прыгожы старажытны горад.

Як прызнаецца сам У. Жытноў, пісаць вершы ён пачаў даволі даўно, а вось спяваць іх пад уласны музычны акампанемент стаў выпадкова. Раней у рэпертуары Уладзіміра Міхайлавіча былі толькі песні савецкіх часоў. Таму запрашэнне прыняць удзел у запісу музычнага дыска з песнямі пра Оршу стала вельмі нечаканым для мастака. Працаваць над матэрыялам, па словах самога аўтара, было складана, бо паэт адчуваў вялікую адказнасць перад самымі строгімі крытыкамі – аршанцамі. Але сама ідэя прыйшлася У. Жытнову да спадобы. Вынікам плённай працы стаў 21 вершаваны сюжэт пра наш родны горад, пра яго слаўнае мінулае. Адзін з твораў аўтара быў надрукаваны ў “Аршанскай газеце” за 26 чэрвеня № 72. На дыску слухачы знойдуць і прыпеўкі пра Оршу, напісаныя Уладзімірам Міхайлавічам.

Спецыяльна наш зямляк паэзіі не вучыўся, законаў вершаскладання не асвойваў. Прыкладам для яго стала творчасць У. Маякоўскага і А. Твардоўскага. Знакамітую паэму Аляксандра Трыфанавіча “Васілій Цёркін” У. Жытноў сёння з захапленнем чытае ветэранам. Нара-джэнню паэта У. Жытнова паспрыяў канцэрт спевака Віктара Вуячыча. Менавіта пад час выступлення артыста мастак адчуў, што ў яго з’явілася жаданне прачы-таць вершаваныя радкі ў гонар госця. Але адважыцца выйсці на сцэну Уладзімір Міхайлавіч тады так і не змог.

Першы верш Уладзіміра Жытнова, які з’явіўся ў друку, быў напісаны пад уплывам фотаздымка, зробленага ваенным карэспандэнтам пры вызваленні Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З карт-кі тужліва пазірае на разбураны горад будынак сённяшняга Цэнтра дзіцячай творчасці. Сціплы і крыху сарамлівы па характары, Уладзімір Міхайлавіч быў здзіў-лены, што яго спробы пяра атрымалі станоўчыя водгукі прызнаных майстроў слова Аршаншчыны.

Сёння ў паэтычнай скарбонцы У. Жытнова нямала твораў пра родны горад, значнае месца займаюць вершы-прысвячэнні, сярод адрасатаў якіх шмат знакамітых асоб: Леў Лешчанка, Марк Фрадкін, а таксама нашы шаноўныя ветэраны.

М. СЯМАШКА

Добавить комментарий