На працягу тыдня ў Оршы ўспамінаюць Уладзіміра Караткевіча

Зямлёй пад белымі крыламі ласкава назваў нашу сінявокую краіну Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Маленькі Валодзя нарадзіўся напрыканцы лістапада, калі буслы, якія сваімі моцнымі крыламі атуляюць родны край, ужо адляцелі ў вырай. Але кожны год гэтай парой усё навокал апранае іскрыстыя ўборы, хаваецца пад беласнежнымі крыламі зімы. Вось і сёлета прырода зрабіла нам выдатны сюрпрыз, тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча распачаўся з чыстага ліста, на якім мы, нашчадкі і прыхільнікі яго творчасці, пішам шчырыя словы любові і павагі. Традыцыйна распачалі святочныя мерапрыемствы літаратурныя чытанні “І не знікаць паэтам вечна!” (на здымку) ля помніка Уладзіміру Сямёнавічу ў Дзіцячым парку.

караткевічКараткевіча па праве называюць рыцарам Беларусі. У вершы «Матчына душа», які даў назву і першаму паэтычнаму зборніку, ён пісаў:
– Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,
Пераліць на свае аркушы
Казку мудрую,
Простую песню,
Кветку матчынай чыстай душы.
Шчырым, пранікнёным пачуццём да роднага краю, яго гісторыі прасякнутыя ўсе творы беларускага Вальтэра Скота. Прыхільнікі творчасці песняра, паэты Аршаншчыны сплялі дзівосны вянок з вершаў-прысвячэнняў Караткевічу. Многія творы прагучалі падчас літаратурных чытанняў “І не знікаць паэтам вечна!”. Маладое пакаленне аршанцаў таксама любіць творчасць аўтара “Матчынай душы”, з асалодай чытае і прозу, і паэзію. Калі школьнікі знаёмяцца з нарысам “Зямля пад белымі крыламі”, то пачынаюць глядзець на Беларусь па-новаму.
“Сёння свята для ўсіх беларусаў – нарадзіўся наш славуты зямляк Уладзімір Караткевіч, – падкрэсліў дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Уладзімір Кузубаў. – Шмат вершаў прысвяціў пісьменнік роднаму гораду, і мы спадзяёмся, што сёння Орша выглядае менавіта так, якой яе бачыў Караткевіч”.
Напрыканцы літаратурных чытанняў Вольга Пашковіч, старэйшы навуковы супрацоўнік Аршанскага музея У. Караткевіча, запрасіла ўсіх на тэатралізаваную экскурсію “Планета Караткевіча” па залах музея, у якой прынялі ўдзел творчыя калектывы. Тыдзень памяці аўтара “Каласоў пад сярпом тваім” працягваецца. Але насамрэч сустрэцца з Караткевічам можна на працягу ўсяго года, дастаткова разгарнуць старонкі яго захапляльных кніг.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *