Падарункі для аршанцаў на «Калядную скарбніцу» прывезлі больш за 40 прадпрыемстваў (+фота)

Добрыя традыцыі заўсёды прыжываюцца і пускаюць карані. Як і ў мінулым годзе, сёлета напярэдадні Каляд і Новага года ў гарадскім Цэнтры культуры пачала працаваць заснаваная на Аршанскай зямлі міжрэгіянальная ўніверсальная выстава-кірмаш “Калядная скарбніца”.
Яе адкрылі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, першы намеснік старшыні Сяргей Пац, намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Юрый Пчолка, менеджар па рознічным гандлі і прамых продажах ААТ “Чырвоны харчавік” Галіна Бярэзіна. Яны шчыра віталі ўдзельнікаў і гасцей фэста, раілі землякам не заставацца безудзельнымі і хутчэй рабіць пакупкі.
На кірмашы, сапраўды, ёсць дзе разгуляцца. Гандлёвыя рады і на першым, і на другім паверхах ГДК. У Оршу прыехалі прадстаўнікі больш за 40 прамысловых прадпрыемстваў амаль з усіх абласцей краіны, у тым ліку абласных цэнтраў. Дзіцячыя цацкі, цукеркі, сыры, масла, пірагі, каўбасы, бялізна, адзенне, абутак, сувеніры… Выбірай, што даспадобы! І ўсё – прама з вытворчых канвеераў – свежае, смачнае, прыгожае, зробленае з любоўю.
– Я люблю кірмашы, якія арганізуюць у нашым гора­дзе і раёне, – расказвае жыхарка Святлана Левіна. – Вось і на “Каляднай скарбніцы” цікава. Вельмі вялікі і разнастайны асартымент прадукцыі. Шмат тавараў можна набыць па зніжаных цэнах.
– На адкрыцці з задавальненнем паглядзела выступленне ансамбля “Беларусачка” ГДК, – падтрымала размову жыхарка Ганна Бабеева. – Прайшлася па гандлёвых радах. У магазінах, безумоўна, так не сустракаюць пакупнікоў, на кірмашы зусім іншая атмасфера, па-сапраўднаму святочная. Дзякуй арганізатарам за такую гасціннасць.
З наведвальнікамі кірмашу нельга не згадзіцца. Аршанскія сыраробы і хлебапёкі ля сваіх прылаўкаў ладзілі дэгустацыю прадукцыі, пачаставацца мяснымі і малочнымі прадуктамі запрашалі працаўнікі малочнага і мясакансервавага камбінатаў. Прадстаўнік ААТ “Чырвоны харчавік” (г. Бабруйск) прапанаваў паспрабаваць цукеркі “Фруктовыя забавы”. І нездарма. У гасцей свята забаў было шмат. Маленькія модніцы дэфіліравалі па подыуму гарадскога Цэнтра культуры ў бальных сукенках.

Вабілі вока ювелірныя ўпрыгажэнні ААТ “Жэнаві” (г. Гродна), шубы і зімовыя паліто ААТ “Элема”, адзенне ААТ “Алеся” (г. Мінск), ТАА “Сіметрыкс” (г. Мінск) і другіх вытворцаў. Кірмаш радаваў усіх сваёй шырынёй і цеплынёй.
У рамках міжрэгіянальнай універсальнай выставы была праведзена акцыя “Нашы дзеці”, у ходзе якой ААТ “Чырвоны харчавік” і філіял “Аршанскі хлебазавод” РУПТП “Віцебскхлебпрам” арганізавалі салодкія падарункі – здоба, пячэнне, цукеркі для дзяцей, якія зараз знаходзяцца ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Аршанскага райвыканкама”. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, насычаюць добрымі справамі і робяць жыццё цудоўней.

Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *