Агроэкоусадьба «Сябры» принимала гостей из Прибалтики и Америки (+фото)

Некалькі гадоў таму пустэча з невялікім вадаёмам, што ля вёскі Ларынаўка, зарастала смеццем. Але знайшоўся неабыякавы да прыроды і роднага краю чалавек – прадпрымальнік Барыс Шаўцоў, які, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, пайшоў у райвыканкам і папрасіў аддаць яму гэты кавалак зямлі пад аграсядзібу.
Трэба адзначыць, што на той час аграэкатурызм даваў на Аршаншчыне толькі першыя парасткі. Барыс Уладзіміравіч, лічыце, стаў першапраходчыкам у новай справе. Праўда, лёгка не было, давялося сутыкнуцца са шматлікімі выпрабаваннямі. Прыйшлося нават развітацца з добраўпарадкаванай кватэрай, аўтамашынай, якія вымушаны быў прадаць з-за недахопу грашовых сродкаў, і, безумоўна, змяніць статус гараджаніна на селяніна. Памочнікам і дарадчыкам у гэты час стала жонка Данія (на здымку). Разам ім удалася пераадолець цяжкасці.

Прайшоў пэўны час, пакуль прывялі ў парадак вадаём, на яго беразе выраслі першыя домікі, альтанкі, лазня, крыху падраслі саджанцы і гасцінна адчыніла вароты аграэкасядзіба “Сябры”. Асабліва яна была ацэнена ў 2008 годзе, калі горад сустракаў гасцей на свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі “Дажынкі”. Прадпрымальнік за даволі кароткі тэрмін здолеў стварыць сапраўдны райскі куток, дзе пануе хараство роднай прыроды.
Няма рэчы, да якой не прыклаў бы свае ўмелыя рукі гаспадар. У інтэр’еры захаваў нацыянальны беларускі каларыт з элементамі легенд і казак. Тут знайшлі месца і русалачка, і карабель з ветразямі, і дрэва кахання.


Прыгожых куткоў, прыстасаваных для адпачынку, дзе можна адасобіцца, пабыць сам-насам з матухнай-прыродай, на тэрыторыі сядзібы не злічыць. Кожны прадуманы да дробязей. Напрыклад, да вады вядуць драўляныя кладкі, з іх можна парыбачыць. Ёсць самая сапраўдная адрына, альтанкі на любы густ і арэ-лі.

Навокал чысціня і парадак. Па выніках рэспубліканскага конкурсу “Стыль і гармонія”, які праходзіў у 2011 годзе, аграэкасядзіба “Сябры” заняла першае месца. Сёння тут размешчаны чатыры добраўпарадкаваныя гасцінічныя домікі, якія могуць прыняць адразу 40 чалавек. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляе банкетная зала на 80-90 чалавек з танцавальнай пляцоўкай. За апошнія гады паслугамі сядзібы скарысталіся сотні аршанцаў і не толькі. Мястэчка ўжо спадабалася расіянам, гасцям з Прыбалтыкі і Амерыкі. Зімой, праўда, наведвальнікаў менш. Але Барыс Уладзіміравіч не
сядзіць склаўшы рукі. Ён наладзіў выраб малых архітэктурных формаў для садовых участкаў, майструе дзверы, сувеніры. У многім яму дапамагаюць жонка, дарослыя дзеці і сваякі. Так што, заходзьце, вас сустрэнуць “Сябры”!

Людміла Маршаловіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *