Вёсцы – лепшыя кадры

Павел Кірылаў

Настаўніцкі шлях Павел Кірылаў выбіраў свядома. Ён сэрцам адчуваў, што дзіцячы гоман, падручнікі, сшыткі і школьны званок яго прывабліваюць больш за ўсё. Нават разважанні знаёмых і сяброў наконт непрэстыжнай, на іх погляд, прафесіі ніколі не дазвалялі  закрасціся думцы аб іншай жыццёвай дарозе. Як толькі атрымаў атэстат сталасці, падаў дакументы ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя П.М. Машэрава на аддзяленне “Сацыяльная педагогіка і практычная псіхалогія”

.

Педагагічны стаж Паўла Пятровіча ўжо дзевяць гадоў. Сёлета для яго Дзень ведаў будзе асаблівым, бо ўпершыню ён пера-ступіць парог Межаўскай сярэдняй школы ў якасці дырэктара. Але з  педагагічным калектывам Павел Пятровіч пазнаёміўся загадзя. На яго думку, настаўнікі тут вопытныя, таму і  асаблівых цяжкасцей малады дырэктар пакуль не адчувае.

У гэтым навучальным годзе Межаўская школа прыме больш за 160 навучэнцаў, а гэта для сельскай установы не так і мала. Таму ў новага дырэктара ёсць свае перспектыўныя планы адносна ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і павышэння якасці адукацыі. Ёсць задумы далейшага ўкамплектавання камп’ютэрнага класа, каб сельскі вучань дасканала засвоіў сучасныя  інфармацыйныя тэхналогіі.

Павел Кірылаў і сам пастаянна павышае свой адукацыйны ўзровень. У верасні заканчвае рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджэр у сферы адукацыі”. Хочацца спадзявацца, што ўсё ў маладога дырэктара атрымаецца так, як ён задумаў.

Настасся ТУРОК

Добавить комментарий