12 тысяч тон зерня высушылі ў ААТ «Маяк Высокае»

Такой напружанай уборачнай кампаніі аператар зернесушыльнага комплексу адкрытага акцыянернага таварыства “Маяк Высокае” Сяргей Іваноў і не памятае, хаця на жніве працуе ўжо пятнаццаты год.

IMG_2329“Хлеб сёлета выдаўся на славу, – гаво­рыць ён, а затым дадае, – ведаеце, як прыемна назіраць, як сыплецца зерне!” І сапраўды, для чалавека, які прысвяціў сваё жыццё сельскай гаспадарцы і штогод прымае самы актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю, лепшай музыкі, чым перашэпт каласоў на пшанічным полі, нельга адшукаць.
У “Маяку Высокім” Сяргей Іваноў самы вопытны аператар зернесушыльнага комплексу. Працаваць ён пачынаў яшчэ на старым агрэгаце – М-819, і ўжо восем гадоў высушвае зерне на сучасным КЗСВ-30Г. У гэтым годзе за змену атрымлівалася прапусціць праз сушылку па 400-500 тон зерня пры вільготнасці 15-17 працэнтаў. Гэта, дарэчы, даволі высокі паказчык.
На пару з Сяргеем працуе і другі аператар – Аляксандр Мазго, які на зернесушыльным комплексе толькі трэці год, але ў барацьбе за ўраджай – не першы сезон на п’едэстале гонару. Вось такое спалучэнне прафесіяналізму Сяргея Іванова і мэтанакіраванасці, цярпення і вялікай працаздольнасці Аляксандра Мазго дае выдатныя вынікі. За сёлетні сезон яны высушылі 12 тысяч тон зерня, аднак зараз вядзецца сушка семя маслічных культур. Так што ў заліку будзе яшчэ некалькі плюсаў.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий