Слова Коласа яднае

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч

На пачатку верасня на крылах восені прылятае да нас беларускае слова. З 1 па 7 верасня ў Оршы праходзіў тыдзень беларускай мовы “Не пакідайце мовы беларускай, каб не ўмёрлі!”, пад час якога ў розных установах культуры і адукацыі нашага горада праводзіўся шэраг мерапрыемстваў. Супрацоўнікі музея Ул. Караткевіча зрабілі шыкоўны падарунак для жыхароў Аршаншчыны. 2 верасня тут адбылася прэзентацыя выставы “Я прыйшоў дзеля Вас” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

.

Ва ўтульным пакоі музея свабодных месцаў у той вечар знайсці было немагчыма. З усіх куткоў Аршаншчыны сабраліся прыхільнікі мастацкага генія Якуба Коласа. Да таго ж, у адкрыцці павінен браць удзел малодшы сын песняра Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Каму ж не хочацца пачуць пра народнага пісьменніка з вуснаў самага блізкага сваяка, не пабачыць яго на свае вочы? Акрамя М. Міцкевіча ў цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Святлана Мікалаеўна Гаўрылава, дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа Зінаіда Мікалаеўна Камароўская, аршанскія паэты і іншыя. Гаспадыня музея Ул. Караткевіча Галіна Андрэеўна Юркевіч выступіла ў ролі вядучай прэзентацыі. Бадзёрая песня з сімвалічнай назвай “Добры дзень, госці, просім вас мілосці!” у выкананні юных артыстаў узорнага ансамбля “Шчодрыца” УА “ДАСШ №16” стала сапраўдным падарункам для гасцей.

У той вечар у музеі выступала шмат цікавых асоб, але ўсе прысутныя з нецярпеннем чакалі, калі слова возьме сын Якуба Коласа. Міхась Канстанцінавіч – вельмі сціплы чалавек. Пра сябе нічога не расказвае, толькі пра бацьку. Неверагодную гісторыю пра тое, як кніга Коласа выратавала жыццё   Ул. Караткевічу, нават супрацоўнікі музея пачулі ўпершыню. Аднойчы наш зямляк атрымаў удар фінкай, а за поясам у яго была кніга Канстанціна Міцкевіча. Сфатаграфаваць сына Коласа аказалася справай нялёгкай. Увесь час ён так і імкнуўся зірнуць некуды ў іншы бок менавіта ў той момант, калі націскаеш кнопку на фотаапараце. Потым мы крыху часу аддалі на пошукі патрэбнага ракурсу. І вось нарэшце фота для “АГ” зроблена. На імгненне здаецца, што перад вачыма сам Канстанцін Міцкевіч: тыя ж самыя вусы і валасы, толькі крыху пасівелыя, тыя ж самыя пранікнёныя вочы… Ды не, гэта яго малодшы сын, Міхась. Калі ён быў яшчэ зусім малым хлапчуком, бацька напісаў пра яго  паэму “Міхасёвы прыгоды”, якой сёлета 75 гадоў. Прайшло столькі часу, а твор з захапленнем чытаецца і сёння.

Далей госці падняліся на другі паверх музея, дзе размешчана сама выстава “Я прыйшоў дзеля Вас”. Добразычлівыя супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея з запалам і вялікай любоўю да сваёй справы апавядалі наведвальнікам пра экспазіцыю. Тэматычна яна падзяляецца на некалькі раздзелаў. Завочна наве-даць коласаўскія мясціны можна праз карціны беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага. На жывапісных палотнах паўстаюць тыя сядзібы, дзе нарадзіўся паэт, дзе прайшло яго маленства, дзе жыла сям’я майстра слова. Для таго, каб карціны, аб’яднаныя ў серыю “Радзіма Якуба Коласа”, пабачылі свет, мастаком была зроблена вялікая праца. Аўтар доўга жыў на Стаўбцоўшчыне, пісаў з натуры, вывучаў архіўныя матэрыялы. Дапамог У. Сулкоўскаму здзейсніць яго задуму старэйшы сын Я. Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, які стаў кансультантам мастака. Работы народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча дапамогуць наведвальнікам выставы па-новаму зірнуць на паэму “Новая зямля”, успрыняць яе глыбокі змест, яшчэ больш палюбіць герояў. Да ўвагі гледача партрэты Песняра і яго асабістыя рэчы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа. Кожная з рэчаў нясе на сабе дотык рукі вялікага майстра слова і выклікае вялікую цікавасць у сучаснікаў. Вось пад шклом невялікі лісток паперы з дэпутацкага блакнота Канстанціна Міцкевіча. На ім – верш. Нават займаючы зусім не паэтычную пасаду, Якуб Колас заставаўся верны сабе, ні на хвіліну не развітваўся з музай пяра. Цікава пазнаёміцца і з серыяй графічных аркушаў Сямёна Геруса. Частка іх была напісана ў 1953-1955 гадах, астатнія датаваны 1956 годам і выкананы ў апошні месяц жыцця пісьменніка. На выставе наведвальніку цікава будзе пагля-дзець на друкаваныя выданні літаратурнай спадчыны Коласа на розных мовах свету. Тут можна пабачыць кніжачку велічынёю крыху больш за пачак запалак, а таксама вялізнае выданне паэмы “Новая зямля” на трох мовах: беларускай, рускай, польскай, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Якуба Коласа і Віцебшчыну яднае многае. Упершыню паэт наведаў сучасную Віцебшчыну ў 1908 годзе. Чатыры няпоўныя месяцы працаваў К. Міцкевіч настаўнікам у прыватнай школе ў вёсцы Сані Сенненскага павета. Потым былі арышт, тры гады астрога… Пасля Імперыялістычная вайна і рэвалюцыя надоўга разлучылі Я. Коласа з Радзімай. Калі вярнуўся на Беларусь, сувязі з Аршаншчынай аднавіліся. У 1950 годзе Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Аршанскай Чыгуначнай акругі. На выставе можна прачытаць лісты жыхароў нашага горада да пісьменніка. Звязвала Якуба Коласа з Оршай і постаць Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Студэнтам наш зямляк даслаў аўтару “На ростанях” два лісты: адзін – з віншаваннямі з нагоды дня нараджэння, другі – з просьбай даць рэцэнзію на рукапісны зборнік гістарычных легенд і вершаў. Наведвальнікі выставы могуць пабачыць названы сшытак з літаратурнымі пробамі, прадстаўленымі ў Оршы ўпершыню. Апошні раздзел складае экспазіцыя “Запавет песняра: жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа”, дзе кожны стэнд апавядае пра асобныя перыяды біяграфіі знакамітага пісьменніка.

Выстава будзе працаваць да 15 кастрычніка. Усе жадаючыя судакрануцца з сусветам Якуба Коласа могуць наведаць музей Ул. Караткевіча кожны дзень з 10.00 да 18.00, акрамя панядзелка. Тэлефон для даведак 21-18-49.

Марына СЯМАШКА

Добавить комментарий