Час збору вырашчанага

Асноўная работа ў верасні для сельскіх гаспадарак – своечасова ўбраць, закласці на захоўванне наш “другі хлеб” – бульбу. Таму аграрыі не губляюць часу, а ўсю ўвагу ўдзяляюць збору вырашчанага ўраджаю. Зразумела, што без дапамогі тут не абысціся.

Ужо не першы тыдзень гоманам вялікай грамады напаўняецца склад дзяржаўнага прадпрыемства “Межава”, дырэктарам якога з’яўляецца Павел Мікалаевіч Фаміноў, дзе пасільную дапамогу гаспадарцы ў сартаванні бульбы аказваюць школьнікі. Гэта вучні УА “Межаўская ДАСШ”, “Высокская ДАСШ”, “Дубніцкая ДАБШ”, УА “Пішчалаўскі ДНПК д/с-СШ”, “Юрцаўскі ДНПК    д/с-СШ”, “Стайкаўскі ДНПК д/с-СШ”, “Клюкаўскі ДНПК д/с-СШ”, а таксама педагагічныя калектывы і тэхнічны персанал школ. Дапамагаць у сартаванні бульбы прадпрыемству яны будуць да 25 верасня.

Даручаную справу дзеці і дарослыя, па словах Паўла Мікалаевіча, стараюцца выконваць якасна і з адказнасцю. Бульбу на складзе прадпрыемства “Межава” сартуюць і адразу затарваюць у сеткі.

Такім чынам школьнікі не толькі дапамагаюць своечасова ўбраць ураджай, але і сябе на зіму забяспечваюць бульбачкай, якую гаспадарка на школьныя сталовыя выдзяляе ў дастатку. Да гэтага ж маладым работнікам будуць аплачваць за працу.

На гэтым тыдні прадстаўнікі Межаўскай школы прымуцца за ўборку капусты дзяржаўнага прадпрыемства “Межава”. Гаспадарцы застанецца ўбраць яшчэ яблыкі, з якімі, калі школьнікі не паспеюць да тэрміну, прыйдзецца страўляцца ўласнымі сіламі.

АНЖЭЛА ШУРДУКОВА

Добавить комментарий