“Зямля пад белымі крыламі”

“Зямля пад белымі крыламі”

Выстава пад такой назвай адкрылася ў гарадской мастацкай галерэі. Прысвечана яна 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

На выставе, якую наладзіў Беларускі саюз мастакоў, прадстаўлены творы 28 аўтараў з розных куткоў нашай сінявокай краіны: Мінска, Віцебска, Магілёва, Пінска, Ваўкавыска. У залах галерэі можна ўбачыць усю палітру відаў і жанраў выяўленчага мастацтва: ілюстрацыі да твораў Уладзіміра Сямёнавіча, партрэты нашага земляка, драўляную і бронзавыя скульптуры, аўталітаграфіі,  пейзажы, габелены… Мастак Алег Кірушкін на жывапісным палатне “Дума пра Радзіму” ажывіў выраз “Зямля пад белымі крыламі”: бусел пралятае над сцяжынай, якая пралягае праз палеткі. Сцежка сімвалізуе жыццё, а палеткі – дастатак. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з творчасцю Арлена Кашкурэвіча, мастака, які ілюстраваў першае выданне “Каласоў пад сярпом тваім”. Вачыма А. Кашкурэвіча вы зможаце паглядзець на герояў “Ладдзі роспачы” і “Дзікага палявання караля Стаха”. Яўген Кулік стварыў гравюру паводле аповесці “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі ўвекавечыў Ул. Караткевіча ў драўлянай скульптуры. Дарэчы, у галерэі размешчаны таксама работы яго сына, Сяргея Гумілеўскага. На выставе прадстаўлены тры афорты ваўкавыскага майстра Станіслава Кузьмара. Віктар Мікіта стварыў аўталітаграфіі паводле зборніка “Мая Іліяда”. Наш зямляк Мікола Купава прадставіў дзве акварэлі на гістарычную тэму, якая пранізвае ўсю творчасць Уладзіміра Сямёнавіча. На экспазіцыі прадстаўлены і 5 работ са сховішча Аршанскай мастацкай галерэі.

Выстава “Зямля пад белымі крыламі” будзе працягвацца яшчэ месяц, а потым работы змогуць убачыць мінчане. Дарэчы, сталічныя гледачы змогуць пазнаёміцца з работамі аршанскіх мастакоў, якія не былі прадстаўлены ў нашым горадзе.

Марына СЯМАШКА

Фота аўтара

Добавить комментарий