На Аршаншчыне ўзнагародзілі моладзь, занятую на жніве

Павел Каткоўскі, Раман Сяргееў і Віктар Капачоў – малады дэсант адкрытага акцыянернага таварыства “Маяк Высокае”, які зараз працуе на жніве. Павел і Раман – у складзе экіпажа камбайнераў, а Віктар – вадзіцель, заняты на адвозцы зерня.
IMG_5733У аўторак, 16 жніўня, хлопцы сталі пераможцамі на хлебнай ніве. Камбайнеры першымі ў раёне сярод маладзёжных зернеўборачных экіпажаў намалацілі тысячу тон зерня, а вадзіцель перавёз дзве тысячы тон зерня.
Віктар Капачоў у гаспадарцы працуе восем гадоў, а сёлетняе жніво – дзясятае ў яго працоўнай біяграфіі. За гэты час, як сцвярджае сам вадзіцель, паспеў набіць руку, а таксама зразумець, што лёгкага хлеба не бывае. У любой справе без намаганняў, вытрымкі, упартасці нельга дасягнуць поспехаў. На мінулым жніве Віктару зусім крыху не хапіла, каб стать лідарам. Сёлета малады чалавек пераканана вырашыў пакарыць гэтую вышыню.
Калі ёсць паразуменне, то і праца ідзе поўным ходам. Так лічаць камбайнеры Павел Каткоўскі і Раман Сяргееў. Яны шчыруюць на камбайне КЗС-1218, Павел трэці сезон, а Раман увогуле ўпершыню. Дэбютнае жніво атрымалася паспяховым, усміхаецца малады камбайнер. Ад работы на ўборцы ўраджаю ён пад вялікім уражаннем: “Сам я аршанец, скончыў Гарадокскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “Тэхнік-механік”, зараз вучуся ў БДСГА. Да гэтага часу сутыкаўся больш з
тэорыяй, а цяпер вось буду ведаць на практыцы, што азначае ўбіраць хлеб, паспрабую яго сапраўдны смак”, – гаворыць малады чалавек. Старшы камбайнер Павел Каткоўскі сцвярджае, што з напарнікам яму пашанцавала. Рома – чалавек адказны, удумлівы, кемлівы. З ім вельмі лёгка працаваць.
Маладых хлебаробаў з пераможнымі намалотамі павіншавалі старшыня райкама прафсаюза АПК Алег Макарэвіч і загадчык сектара па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Юрый Трыбушэўскі. Яны пажадалі Паўлу, Раману і Віктару і надалей трымаць высокую планку і ўручылі ім граматы і падарункі.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *