Сям’я Макеевых з Аршаншчыны ўдзельнічала ў абласным «Уладары сяла»

У пяцёрку мацнейшых на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” трапіла сям’я Макеевых з аграгарадка Барздоўка. Адказ на пытанне: “Хто ж ён, сучасны ўладар сяла?” – шукалі на спаборніцтвах напачатку верасня ў вёсцы Алашкі на Шаркаўшчыне.
uladarПяшчота і любоў акрылялі сям’ю і напярэдадні конкурсу, і падчас выпрабаванняў. На васьмі этапах моладзь даказвала, што жыць на сяле – прэстыжна і цікава.
Чым можа пахвастацца кожная з каманд, паказала “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі”. Удзельнікі расказвалі пра поспехі ў працы і вучобе і здзіўлялі журы стылізаванымі падворкамі. Чым жа парадавалі Макеевы? Калёсы, у якія запрэжаны конь, але не жывы, а зроблены ў тэхніцы валяння. “Кіравалі” калёсамі дзед і баба – вялізныя набіўныя куклы. На стале побач з калодзежам былі прадстаўлены тры Спасы: Мядовы, Яблычны, Арэхавы. Трапіць на падворак Макеевых можна толькі праз “весніцы жаданняў”, якія здольныя здзейсніць усе мары. Гаспадары запрасілі да багатага святочнага стола, на якім – толькі спрадвечныя беларускія стравы і цікавыя загатоўкі на зіму. Пакуль бацькі частавалі гасцей, дзеці разам з журы выраблялі гліняныя фігуркі.
vlastelinЗванне “Бульбашоў” у аднайменным конкурсе дасталася сям’і Макеевых. Яны хутчэй і якасней за сапернікаў перабралі бульбу. Гэтая папулярная агародніна спатрэбілася камандам для заключнага выпрабавання – конкурсу “Дранікі на калодзе”. Многія сем’і не ведалі, што ж гэта за калода і як на ёй пажарыць дранікі, але арганізатары адказалі на ўсе пытанні. І зноў Макеевы здзівілі журы смачнымі аладкамі з бульбы.

Марына СЯМАШКА.
Фото з архіва сям’і Макеевых.

Добавить комментарий