Трое аршанцаў трапілі ў фінал тэлепраекта «Талент краіны»

Летам Другі нацыянальны тэлеканал і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі далі старт маштабнаму агульнарэспубліканскаму тэлевізійнаму конкурсу “Талент краіны” – творчаму пераемніку папулярнага дзіцячага вакальнага конкурсу “Я спяваю!”. Праект праходзіць пры падтрымцы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і прысвечаны Году культуры ў Беларусі. Радасная навіна прыляцела ў Оршу: трое таленавітых юных землякоў паспяхова прайшлі адборачны тур і трапілі ў фінал тэлепраекта АНТ.

krutikov

Мацвей Круцікаў

Конкурс праходзіць па некалькіх намінацыях. Сярод удзельнікаў 5-10 гадоў, якія дэманструюць інструментальнае майстэрства, – віртуозны баяніст з Барані Мацвей Круцікаў. Зараз адораны хлопчык, вучань Людмілы Пятроўны Каровінай, займаецца ў Магілёўскай раённай дзіцячай школе мастацтваў імя Л. Іванова на аддзяленні народных інструментаў па класе баяна і адначасова працягвае вучыцца граць на саксафоне ў дзіцячай школе мастацтваў №3 г. Барані. Сёлета Мацвей трапіў пад сапраўдны дыпломны зарапад – хлопчык атрымаў узнагароды на Міжнародным конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Роза вятроў” у Маскве, I Міжнародным конкурсе “Мой сябра – баян” у Гомелі, Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў на баяне і акардыёне імя М. Белабародава ў Туле.

hmelkova

Ніка Хмялькова і Ксенія Курчанкова

Дзве аршанскія прыгажуні трапілі ў лік фіналістаў у намінацыі “Арыгінальны жанр” у малодшай і старэйшай узроставай катэгорыях. Удзельніца цыркавой студыі “Фантазёры” гарадскога Цэнтра культуры “Перамога” Ніка Хмялькова выйшла ў фінал з каўчукам “Восеньскі эцюд”. Зараз дзяўчынцы дзевяць гадоў, займацца ў студыі пачала два гады таму. Юны ўзрост – не перашкода на шляху да вяршынь. Летам Ніка разам з Ксеніяй Курчанковай, таксама выхаванкай кіраўніка студыі Святланы Раўкоўскай, атрымалі “бронзу” на Міжнародным дзіцячым і юнацкім цыркавым фестывалі “Сусвет поўны цудаў” у Рызе. Дарэчы, днямі паветраныя гімнасткі прадставілі “Журавоў” на фестывалі “Parad alle” ў Латвіі.

sudnikova

Кацярына Суднікава

Далёка за межамі Беларусі вядома 13-гадовая Кацярына Суднікава, выхаванка ўзорнай цыркавой студыі “Арэна” гарадскога Палаца культуры “Орша”. За сем гадоў, што Каця зай­маецца ў студыі Алены Жаўненкі, дзяўчынка сабрала значную скарбонку ўзнагарод, але галоўная з іх – падтрымка гледачоў. Таленавітая аршанка не ўпершыню ўдзельнічае ў тэлепраектах. Вясной Каця дайшла да фіналу шоу «Україна має талант. Діти», раней выступала на аналагічным праекце ў Польшчы. На адборачным туры “Таленту краіны” дзяўчынка прадставіла нумар “Змяя” і ўразіла суддзяў неверагоднай гібкасцю.
Чакаем тэлеверсіі праекта, каб падтрымаць аршанскія таленты!

Марына СЯМАШКА.
Фота з архіва ўстаноў культуры.

Добавить комментарий