Гаспадар свайго слова

Гаспадар свайго слова

Для маладога кіраўніка дзяржаўнага камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Межава” Паўла Фамінова лепшага месца для жыцця, чым сельская глыбінка, бадай, і не адшукаць. У шумных гарадах з іх шматпавярхоўкамі і бясконцай мітуснёй яму неяк няўтульна. І сэрцам, і каранямі ён вясковец, а таму родным мясцінам (а сам ён з вёскі Клюкаўка) і калектыву, у якім працуе  ўжо паўтара гады, ніколі не здрадзіць.

Павел Мікалаевіч – гаспадар свайго слова.  Калі паабяцаў што-небудзь, выканае, як бы цяжка не было гэта зрабіць.  Сумленнасць і адказ-насць у ім выхавалі бацькі. З дзяцінства  вучыўся працаваць на зямлі, адчуваць яе дыханне. Не раз бывала такое, калі разам са старэйшым братам і бацькам так напрацуецца ў полі, што ад стомленасці рукі гудуць, сон не ідзе. Але вось  пачынаецца новы дзень – і  тут з’яўляецца столькі сілы,  што яе хапае не на адзін дзясятак розных спраў.

З будучай прафесіяй Павел вызначыўся, калі вучыўся яшчэ ў школе. Ён, як і старэйшы брат, паступіў у  Лужаснянскі сельгастэхнікум, толькі не на заатэхніка, а на ветэрынарнага ўрача. Пакуль працаваў на аграферме “Дзевіна”, якую пасля далучылі  да РВП “Віцебскэнерга” філіял “Цяплічны”, завочна скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Ужо тады кіраўнік прадпрыемства Васіль Каваленка заўважыў, што Павел Фаміноў – спе-цыяліст граматны, мэтанакіраваны, і не памыліўся.

Зусім нядаўна Павел Мікалаевіч быў такім жа, як і сёлетнія маладыя спецыялісты, а таму іх праблемы яму добра знаёмыя:  хочацца, каб і свой вугал быў, і заработная плата дастойная, і працоўны дзень нарміраваны. На гэтых “трох кітах” і трымаецца праца кіраўніка ДП “Межава” Паўла Фамінова.  У калектыве сельскагаспадарчага прадпрыемства 250 чалавек,  з іх каля 70% – моладзь. Для іх тут імкнуцца стварыць такія ўмовы, каб яны не шукалі мінусаў у вясковым жыцці і маглі поўнасцю рэалізаваць свае магчымасці. Дастойная ў гаспадарцы і заработная плата, але пакуль яшчэ не ўсе маладыя спецыялісты гатовыя пера-ехаць у глыбінку. Паспяхова вырашаецца пытанне з жыллём.  Для маладых сем’яў і працаўнікоў прадпрыемства ў аграгарадку Межава бу-дуюцца сучасныя катэджы з газавым ацяпленнем. Тут ужо заселена новая вуліца Мала-дзёжная, а ў хуткім часе плануецца і яшчэ адна.

Стратэгія развіцця ДП “Межава” – вытворчасць якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі. У раслінаводстве – гэта вырошчванне бульбы, у жывёлагадоўлі – развіццё малочнай галіны.

Ад 4300 гектараў ворнай зямлі, што сёння ёсць у гаспадарцы, павінна быць добрая аддача, так лічыць кіраўнік. Сёлета ўраджайнасць другога хлеба склала амаль 180 цэнт-нераў з гектара, што ў два разы вышэй, чым у мінулым годзе, але Павел Мікалаевіч упэўнены: вынік можа быць значна лепшым, бо для гэтага ёсць усе ўмовы і, перш за ўсё, добрая матэрыяльна-тэхнічная база.  Абноўлены машынна-трактарны парк, у якім цяпер налічваецца 15 адзінак новай тэхнікі. Праўда, пакуль яшчэ застаецца праблема -неўкамплектаванасці прадпрыемства механізатарскімі кадрамі.

Ёсць над чым працаваць і ў жывёлагадоўлі. У мінулым годзе ўведзена ў работу першая чарга  новай малочнатаварнай фермы новага тыпу беспрывязнога ўтрымання дойнага статка на 800 галоў. Тут створаны сучасныя ўмовы працы ў дзве змены. Кожная даярка абслугоўвае па 250 кароў, а сам працэс даення кантралюе аўтаматызаваная сістэма. Нядаўна была ўведзена ў работу і другая чарга малочнатаварнай фермы. А ўсяго ў гаспадарцы 2375 галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта дае магчымасць  атрым-ліваць за дзень 10700 кг малака, з іх 5500 кг – класа “экстра”. Валавая вытворчасць малака складае 142,2% да ўзроўню мінулага года. Удой на адну карову складае ў сярэднім чатыры тысячы тон малака, але, па словах Паўла Мікалаевіча, плануецца павялічыць удой малака да пяці тысяч.

Працоўны дзень Паўла Фамінова пачынаецца звычайна ў пяць гадзін раніцы, а завяршаецца часцей за ўсё бліжэй да поўначы. За дзень яму прыходзіцца вырашаць розныя складаныя пытанні, глыбока ўнікаць у іх сутнасць. Каб трымаць руку на пульсе жыцця, упэўнена ісці ў нагу з часам, неабходна пастаянна вучыцца, шукаць новыя падыходы да работы, аператыўна рэагаваць на ўсе новыя змены ў грамадстве, такой кропкі гледжання прытрымліваецца ў сваёй рабоце малады кіраўнік. Ён з аптымізмам глядзіць у будучыню і будуе новыя планы: “Нядаўна зрабілі рамонт бульбасховішча, думаем пабудаваць і яшчэ адно сучаснае на дзве тысячы тон, а таксама дзве лініі па  сартаванні бульбы, каб у будучым можна было запусціць вытвор-часць чыпсаў і рабіць вакуумную ўпакоўку бульбы. Зараз вядзём рэканструкцыю цялятніка, плануем рэканструяваць яшчэ адну ферму на 1200 галоў буйной рагатай жывёлы, што ў вёсцы Новае Сяло. Потым можна будзе  павялічыць  і пагалоўе дойнага статка”.

Настасся ТУРОК

Добавить комментарий