Учитель из Орши получила Гран-при конкурса «Открытый урок»

Святлана Пятроўна Емяльянава

На цырымоніі ўзнагароджання 6-га конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок”, якая прайшла ў Мінску 5 студзеня, настаўніца пачатковых класаў ДАСШ №19 г. Оршы, фіналістка рэспубліканскага этапа конкурсу “Настаўнік года” ў 2009 годзе Святлана Пятроўна Емяльянава атрымала гран-пры 6-га рэспубліканскага конкурсу “Адкрыты ўрок”.

Прыемную навіну аб перамозе ў конкурсе Святлане Пятроўне паведамілі напярэдадні Новага года – і гэта быў самы нечаканы падарунак для настаўніцы пачатковых класаў.

Менавіта адміністрацыя школы настаяла на тым, каб Святлана Пятроўна прыняла ўдзел у конкурсе, ведаючы яе прафесіяналізм і творчы падыход да кожнага урока. Для гэтага неабходна было ў “Настаўніцкую газету” накіраваць метадычную распрацоўку свайго ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннямі конкурсу. Але ўсе лепшыя ўрокі Святланы Емяльянавай, на яе думку, ужо былі надрукаваны ў перыядычных выданнях Беларусі, а перадрукоўваць ужо вядомыя распрацоўкі не хацелася. Сярод сваіх напрацовак сапраўды прыгодных для конкурсу ўрокаў Святлана Пятроўна не бачыла. Тым не менш, параіўшыся з іншымі педагогамі, прыняла рашэнне накіраваць на конкурс нядаўна праве-дзены адкрыты ўрок у першым класе па матэматыцы на тэму “Лічба і лік сем. Склад ліку сем”.

На конкурс было прадстаўлена 976 урокаў настаўнікаў школ рэспублікі. Ацэньвалі і выбіралі лепшыя работы члены клуба “Крыштальны журавель”, а ўжо надпрадметнае журы, у склад якога ўваходзілі пераможцы конкурсу “Настаўнік года”, вядучыя метадысты і работнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, выстаўлялі балы па канкрэтных крытэрыях і, тым самым, вылучалі з лепшых распрацаваных урокаў па розных прадметах самыя лепшыя. Дарэчы, упершыню на конкурс прадстаўляліся распрацоўкі ўрокаў працоўнага навучання.

У выніку былі выбраны сорак фіналістаў конкурсу, з іх 17 – прызнаныя пераможцамі ў розных намінацыях. Акрамя гэтага, было прынята рашэнне вы-лучыць яшчэ і гран-прызёраў, у ліку якіх аказалася наша аршанка Святлана Пятроўна Емяльянава.

– Мне здаецца, гэта быў самы звычайны ўрок, – тлумачыць Святлана Пятроўна. – Такія ўрокі я праводжу даволі часта, нават не адкрытымі, а каб проста парадаваць вучняў пачатковых класаў. Таму тое, што я атрымала гран-пры 6-га рэспубліканскага конкурсу “Адкрыты ўрок”, было для мяне вельмі нечакана.

З вялікай радасцю і бурнымі апладысментамі сустрэў пераможцу педагагічны калектыў школы, які верыў у Святлану Пятроўну, падтрымліваў і дапамагаў ёй. І яго спадзяванні, як бачна, апраўдаліся.

Вось ужо 25 гадоў, як Святлана Пятроўна працуе настаўнікам пачатковых класаў. У ДАСШ №19 упэўнены, што педагагічная дзейнасць – прызванне Святланы Емяльянавай. На пытанне, у чым сакрэт паспяховасці ўрокаў, пераможца рэспубліканскага конкурсу адказала:

– Урок павінен быць не толькі эфектыўным, але ў нейкім плане эфектным. Зараз вельмі папулярнае слова “піяр”, і вось гэты самы “піяр” павінен быць на ўроку, а таксама лагічнасць і сістэматычнасць. Тады ўрок будзе паспяховым. І, адназначна, да дзяцей ніколі нельга прыходзіць непадрыхтаванай.

Анжэла ШУРДУКОВА

One thought on “Учитель из Орши получила Гран-при конкурса «Открытый урок»

  • 29.01.2011 в 10:57
    Permalink

    Знакома со Светланой лично!
    Замечательный человек — жизнерадостный, приветливый, активный! По-больше бы таких учителей, людей по всех профессиях! Так держать!

Добавить комментарий