«Слова роднае – вечнасці след»

Янка Сіпакоў

Пад такім дэвізам адбылася сустрэча ў Аршанскай раённай бібліятэцы з вядомым паэтам, празаікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзея­чам культуры, нашым славутым земляком – Янкам Сіпаковым.

15 студзеня Іван Данілавіч адзначыў 75-годдзе з дня нара­джэння, таму мерапрыемства пачалося з віншаванняў у адрас юбіляра. Шмат цёплых слоў яму выказала ветэран працы, заслужаны дзеяч культуры БССР, член клуба “Гармонія” В. Барысава.

Хочацца сказаць, што да гэтай сустрэчы мы рыхтаваліся грунтоўна. У бібліятэцы была аформлена дзіцячая кніжная выстава “Слова роднае – вечнасці след”, а работнікі інфармацыйна-бібліяграфічнага сектара аддзела абслугоўвання выдалі бібліяграфічны спіс пад назвай “Талент родны і шматгранны”. Дарэчы, гэты спіс вельмі зацікавіў госця. З вучнямі Бабініцкай школы прайшло абмеркаванне кнігі “Зялёны лісток на планеце Зямля”.

А на самой сустрэчы з Янкам Сіпаковым удзельнікі чыталі вершы, задавалі пісьменніку пытанні, паслухалі цудоўны аповед настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Бабініцкай СШ Л. Сякацкай.
Разам з Іванам Данілавічам на нашу літаратурную сустрэчу завіталі пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, былы галоўны рэдактар альманаха “Вожык” П. Саковіч і галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” З. Прыгодзіч.

На развітанне госці падарылі ўсім прысутным свае часопісы і паабяцалі, што абавязкова прыедуць на свята паэзіі, якое штогод ладзіцца ў Ляўках.

Л. ЛАГУНОВА, метадыст ОБМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *