Правила жизни ветерана войны из Орши

Ніна Пракопаўна Юрчанка “Беражыце мірнае жыццё”. Такі наказ моладзі даюць тыя, хто прайшоў Вялікую Айчынную вайну, хто страціў сваіх родных і ведае цану мірнага жыцця. Многія абаронцы Айчыны так і не ўбачылі салюта Перамогі, не сустрэліся са сваімі роднымі і блізкімі, бо аддалі жыццё за светлую, бясхмарную будучыню нашчадкаў.

Ветэраны і інваліды вайны, салдацкія ўдовы, дзеці герояў – усе яны свята захоўваюць светлую памяць пра загінуўшых, бо ведаюць дакладную карціну падзей.

Аршанка Ніна Пракопаўна Юрчанка (на здымку), якая на днях адзначыла 85-гадовы юбілей, у гады Вялікай Ачыннай вайны была сувязной у партызанскім атрадзе Варашылава 1-й брыгады К. Заслонава. Разам з іншымі дастаўляла “лясным жыхарам” медыкаменты, соль і ўсё самае неабходнае, а галоўнае – важную інфармацыю пра дзейнасць ворага. Адзін з братоў Ніны Пракопаўны – Васіль шыў партызанам абутак, некаторы час таксама быў у партызанскім атрадзе. Бацька Пракоп Піліпавіч ваяваў на фронце.
Памятае Ніна Пракопаўна, як аднойчы вярталася з лесу ад партызан і па дарозе сустрэла нямецкую машыну. Дзяўчына зразумела, што трапіла пад падазрэнне… Разам з іншай моладдзю Ніну Пракопаўну павінны былі адправіць у Германію. Але ад гэтага ўратаваў адзін выпадак: некаторых дзяўчат перад выездам немцы збіраліся везці да родных у Багушэўск, каб яны ўзялі з сабой адзенне. Да іх далучылася і Ніна Юрчанка, хаця нікога са знаёмых у той мясцовасці ў яе не было. Там яна планавала пры першай магчымасці ўцячы.

“Калі прыехалі ў Багушэўск, у мяне дрыжэлі рукі, сэрца, здавалася, вось-вось выскачыць з грудзей, – узгадвае Ніна Юрчанка, – ніколі не забуду, як глядзеў на мяне немец, быццам наскрозь бачыў. Сказала, што пайду да цёткі. Не спыніў мяне і не навязаўся праводзіць. Тады я адышла ўбок, падумала, дзе ж мне схавацца, і пайшла па вузкай сцяжынцы наперад: усё здавалася, што хтосьці гоніцца ўслед. У Багушэўску пераседзіла да вечара. Мне пашчасціла: ніхто мяне не шукаў. Так я ўратавалася ад выезду ў Германію. Выйшла на патрэбных людзей і засталася на Радзіме”.

Пасля вайны Ніна Пракопаўна ўладкавалася на работу ў ваенны харчпункт. У 1947 годзе выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. Работала на Аршанскім кансервавым заводзе больш за 25 гадоў. Ніна Пракопаўна заўсёды была ў перадавіках, таму мае шмат працоўных узнагарод.

“Мірнае жыццё ў нас зараз, але, зга­дзіцеся, злоснасць пануе паміж людзьмі, – адзначае Ніна Пракопаўна, – забыліся на шчырае сяброўства і павагу. На першым месцы ў кожнага павінны быць сям’я, дзеці, адданасць у адносінах адзін да аднаго, як было спрадвеку, а што на самой справе? Зусім не на тое траціць чалавек дарагія хвіліны свайго жыцця, бо не ведае яго цаны”.

Анжэла ШУРДУКОВА.

Добавить комментарий