Быць шчаслівай – вельмі проста

Галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі Жанна Васільеўна Паддубская (на здымку) верыць у лёс. Раней яна нават і не думала, што будзе педагогам, бо заўсёды лічыла: яе прызванне – у дакладных навуках. І нават калі атрымала вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і рыхтавалася стаць навуковым супрацоўнікам, не думала, што яе жыццё зробіць круты віраж…

Жанна Васільеўна нарадзілася на Брэстчыне, але каханне закінула яе на поўнач Беларусі. Так Аршаншчына стала для яе другой радзімай, дзе яна адчувае сябе самай шчаслівай жанчынай разам са сваёй сям’ёй. Атрымала педагагічную адукацыю і 11 гадоў працавала настаўніцай хіміі і біялогіі, а апошнія гады ўзначальвае аддзел кадраў раа.

Жанна Васільеўна нібы выпраменьвае нябачныя зроку флюіды шчасця. На рабоце яна – настрой калектыву, заўсёды дорыць усім сваю абаяльную ўсмешку.

З вышыні пражытых гадоў Жанна Паддубская можа з упэўненасцю сказаць, што сэнс жыцця кожнай жанчыны – гэта ўтульнае дамашняе святло, дзіцячы смех і ласкавыя позіркі любімага мужчыны, які праз дзесяць і нават дваццаць гадоў з той жа пяшчотай, як і раней, прызнаецца табе ў каханні.

– Я ніколі не паверу тым маладым асобам, якія сцвярджаюць, што для іх самае галоўнае – гэта кар’ера, матэрыяльныя даброты, жыццё без усялякіх абавязкаў. Згаджуся, што так можа быць толькі ў нейкі пэўны перыяд, але пасля ўсё роўна прыходзіш да высновы, што ты жанчына, якой хочацца клапаціцца і прыходзіць не ў пустую кватэру, а ў сям’ю, дзе цябе чакаюць і любяць. Майму сыночку Вадзіму зараз пяць гадоў. Гэта наша сонейка, якое напаўняе жыццё зусім іншым сэнсам. І я жадаю ўсім жыхаркам Оршы і Аршанскага раёна простага жаночага шчасця, якое заключаецца, на мой погляд, у дзецях.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий