Мы любім сваю краіну!

15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Увесь гэты тыдзень у Высокаўскім дзяржаўным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці будзе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: тэматычныя выставы, інфармацыйныя гадзіны, пазнавальныя віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы і г.д.

Першакурснікі Вольга Галалобава, Вадзім Жылінка і Хрысціна Безручук (на здымку) зусім нядаўна атрымалі свой самы галоўны ў жыцці дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь іх яшчэ чакае падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі – каляровая кніга і дыскі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Для навучэнцаў ліцэя гэта стане самым запамінальным момантам у жыцці, тым больш, што Вольга, Вадзім і Хрысціна ўжо сёння будуюць грандыёзныя планы на будучыню. Напрыклад, Вольга Галалобава зараз вучыцца ў ліцэі па спецыяльнасцях “Повар, парык­махер, птушкавод”. З прафесіяй парыкмахера яна звязвае свае самыя смелыя надзеі, так як лічыць, што з дапамогай прычосак кожны з нас можа ствараць розныя вобразы.

Вадзім Жылінка ўжо вырашыў, што, як толькі скончыць ліцэй, адразу падасць дакументы ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, бо яго стыхія, як выражаецца сам юнак, гэта праца на зямлі. Ён вырас у вёсцы Высокае ў сям’і хлебаробаў і будзе працягваць сямейную дынастыю. Вадзім – стараста групы №197, лідар, як і кожны хлопчык любіць вазіцца з тэхнікай.

Хрысціна Безручук бачыць сябе ў будучым спявачкай або парыкмахерам. Яна ўдзельнічае ў розных творчых конкурсах, нават запісвае свой дыск і збіраецца на адборачны тур конкурсу “Юныя таленты Беларусі”. Вось такія яны, нашы маладыя, таленавітыя, мэтанакіраваныя грамадзяне краіны!

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Ад рэдакцыі: дарэчы, сёння ў горадзе і раёне праводзіцца рэспубліканская акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі”. Ва ўрачыстай абстаноўцы юнакі і дзяўчаты атрымаюць пашпарты. У гэты дзень таксама запланаваны тэматычныя выставы кніг, інфармацыйныя га­дзіны для работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Оршы і Аршанскага раёна, навучэнцаў устаноў адукацыі і іншыя цікавыя мерапрыемствы.

Добавить комментарий